У рамках правядзення Года гістарычнай памяці сектарам публікацыі і археаграфічнай апрацоўкі дакументаў установы «Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці» былі адабраны факты аб вялікім савецкім ваеначальніку, генерале арміі Антонаве А.І.

Антонаў Аляксей Інакенцьевіч – савецкі ваеначальнік, генерал арміі, арганізатар і ўдзельнік вырашальных аперацый савецкіх войскаў падчас Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку аперацыі “Баграціён”. Нарадзіўся ў 1896 годзе ў сям’і афіцэра ў горадзе Гродна.

У 1916 годзе скончыў Паўлаўскую ваенную вучэльню. Удзельнік Першай Сусветнай і грамадзянскай войн.

1931 Антонаў А.І. скончыў ваенную Акадэмію імя М.В.Фрунзэ ў горадзе Маскве, а ў 1937 годзе – Акадэмію Генеральнага штаба.

Са жніўня 1941 года Аляксей Інакенцьевіч займаў пасады начальніка штаба Паўднёвага, Паўночна-Каўказскага і Закаўказскага франтоў, а таксама Чарнаморскай ваеннай групы. У снежні 1942 года Антонаў атрымаў пасаду намесніка-начальніка Генеральнага штаба Аператыўнага ўпраўлення Генеральнага Штаба Узброеных Сіл СССР. [«Гродна. Энцыклапедычны даведнік». 1989. С.82-83]

Антонаў А.І. – адзіны з савецкіх генералаў, узнагароджаны ордэнам “Перамога” – вышэйшым ваенным ордэнам СССР. Таксама быў узнагароджаны ордэнам Леніна (тройчы), ордэнам Чырвонага Сцяга (чатыры разы), ордэнам Суворава I ступені (двойчы), ордэнам Кутузава I ступені, ордэнам Айчыннай вайны I ступені, медалямі «За перамогу над Германіяй у Вялікай айчыннай вайне 1941—1941». , “За абарону Каўказа”, “За перамогу над Японіяй” і іншымі. [«Кронан. Летапіс горада над Нёманам». 1993. С.123-124]

На будынку Ваеннай акадэміі імя М.В.Фрунзэ ў Маскве і на доме ў Гродне, у якім ён нарадзіўся, устаноўлены мемарыяльныя дошкі. Па вуліцы Белуша ў горадзе Гродна ля ўваходу на вайсковыя могілкі ўсталяваны помнік-бюст генералу Аляксею Антонаву. Імя выдатнага военачальніка прысвоена сярэдняй школе № 11 горада Гродна; у ёй жа размяшчаецца музей Воінскай Славы, экспазіцыі якога знаёмяць з баявым і жыццёвым шляхам Антонава. У Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі таксама экспануюцца матэрыялы аб ім.

Яго імем названа вуліца ў горадзе Маскве. Рашэннем выканаўчага камітэта Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных ад 17.10.1962 № 958 па хадайніцтве Гродзенскага Дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея вуліца Танкістаў у горадзе Гродна была перайменавана ў вуліцу Антонава. [Ф.484.Оп.1.Д.311.Л.44]