Сустрэча са студэнтамі Юрыдычнага каледжа БДУ ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва

Пад знакам Года гістарычнай памяці і 100-годдзя архіўнай службы Беларусі 27 студзеня 2022 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбылася сустрэча супрацоўнікаў архіва-музея з будучымі юрыстамі – студэнтамі 1 курса УА «Юрыдычны каледж Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта».

Сустрэча пачалася з лекцыі дырэктара архіва-музея Г.В. Запартыкі «Гісторыя і дзейнасць Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва: дакументы і фонды». Па выніках лекцыі, па прапанове аўдыторыі, былі абмеркаваны тэмы «Архівы Беларусі на службе маладых даследчыкаў», «Гісторыя старажытнага будынка па вул. Кірылы і Мяфодзія, дзе размешчаны Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва і Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі».

У межах сустрэчы былі праведзены экскурсіі па выставах «Зіма мастацкая і паэтычная», «З сусветам тады загаворыш!..» (да 95-годдзя літаратурнага згуртавання «Узвышша»). Студэнтам былі прадэманстрыраваны арыгіналы архіўных дакументаў і музейныя экспанаты.

Напрыканцы сустрэчы Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва перадаў у бібліятэку каледжа свае выданні апошніх гадоў: зборнік ваенных дзённікаў беларускіх пісьменнікаў «Мы жылі ў буднях барацьбы…», нотнае выданне «Лірычная мелодыя: творы беларускіх кампазітараў ХІХ-ХХ стагоддзяў у перакладанні для камернага ансамбля», музычны кампакт-дыск з фартэпіяннымі творамі беларускага кампазітара Льва Абеліёвіча, юбілейны буклет ²Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва – скарбніца нацыянальнай літаратуры і мастацтва» і інш.