26 студзеня 2022 г. адбылося пашыранае пасяджэнне калегіі Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь

26 студзеня 2022 г. адбылося пашыранае пасяджэнне калегіі Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, на якім былі падведзены вынікі работы органаў архіўнай справы і справаводства, дзяржаўных архіўных устаноў Рэспублікі Беларусь у 2021 годзе і вызначаны задачы на 2022 год.

У рабоце калегіі прынялі ўдзел Міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь С.М.Хаменка, начальнікі, намеснікі начальнікаў галоўных упраўленняў юстыцыі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, кіраўнікі і намеснікі кіраўнікоў структурных падраздзяленняў па архівах і справаводству галоўных упраўленняў юстыцыі аблвыканкамаў, дырэктары дзяржаўных архіўных устаноў, работнікі Дэпартамента па архівах і справаводству.

З дакладам выступіў дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству В.І.Кураш, які зазначыў, што ў 2021 годзе дзяржаўнымі архіўнымі ўстановамі планавыя паказчыкі былі выкананы. Агульны аб’ём прынятых на пастаяннае захоўванне дакументаў склаў 125 397 адзінак захоўвання. Дзяржаўнымі архіўнымі ўстановамі аблічбавана 1 123 350 электронных старонак. Паказчыкі па аблічбоўцы архіўных дакументаў перавышаны на 15,7 працэнтаў ад запланаваных, што адпавядае задачам, астаўленым перад архіўнай галіной Урадам у гэтым напрамку.

Дзяржаўнымі архівамі ў 2021 годзе праведзена 179 выставак па актуальных тэматычных напрамках (Год народнага адзінства, 80-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 35-я гадавіна аварыі на Чарнобыльскай АЭС, 100-годдзе Рыжскага мірнага дагавора, 100-годдзе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, 30-годдзе ўтварэння Садружнасці Незалежных дзяржаў і інш.). Выпушчана ў свет 15 выданняў, у тым ліку 12 зборнікаў дакументаў, 1 даведнік, 2 манаграфіі, тэматыка якіх ахоплівае перыяд XVII–XX стагоддзяў. Выканана 22 957 запытаў сацыяльна-прававога характару, чытальныя залы дзяржаўных архіваў прынялі 3 121 карыстальніка.

Дэпартаментам і дзяржаўнымі архівамі аказвалася кансультатыўна-метадычная і практычная дапамога прадстаўнікам Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь па выяўленні дакументальных матэрыялаў у рамках расследавання крымінальнай справы па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд (было выраблена і прадастаўлена звыш 168 тысяч старонак дакументаў).

Навуковымі ўстановамі галіны вялася распрацоўка 16 навукова-даследчых тэм, 11 з якіх у адпаведнасці з каляндарнымі планамі былі завершаны.

У 2021 годзе Дэпартаментам па архівах і справаводству ажыццяўлялася работа па падрыхтоўцы праекта Закона Рэспублікі Беларусь па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь ад 25 лістапада 2011 года № 323-З “Об архивном деле и делопроизводстве в Республике Беларусь” (законапраект прыняты Палатай прадстаўнікоў сходу Рэспублікі Беларусь у першым чытанні), праект Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Об официальных геральдических символах”, якім вызначаны пералікі органаў і арганізацый, якія маюць права на заснаванне сцягоў, і асоб, упаўнаважаных на нашэнне форменнага адзення (Указ № 258 падпісаны Кіраўніком дзяржавы 6 ліпеня 2021 г.).

У рамках падрыхтоўкі да святкавання 100-годдзя архіўнай службы Беларусі (2022 год) быў сфарміраваны арганізацыйны камітэт, зацверджаны План мерапрыемстваў, прадстаўлены лагатып, распрацаваны прэзентацыйныя матэрыялы аб установах галіны. Ажыццяўлялася падрыхтоўка дакументальнага выдання, юбілейнага маркіраванага канверта і віртуальнай выстаўкі. На сайце “Архівы Беларусі” размешчаны спецыяльны юбілейны раздзел, у якім акумулюецца актуальная інфармацыя і матэрыялы.

У Дзяржаўны геральдычны рэгістр Рэспублікі Беларусь унесена 140 афіцыйных геральдычных сімвалаў. Агульны лік геральдычных знакаў у рэгістры на сённяшні дзень складае 2360.

Крыніцамі камплектавання дзяржаўных архіваў з’яўляецца 7591 арганізацыя. Архіўнай галіной узмоцнены акцэнт на метадалагічную працу ў частцы павышэння кваліфікацыі работнікаў службаў дакументацыйнага забеспячэння кіравання, загадчыкаў архіваў і адказных за архіў арганізацый (усяго праведзена 96 семінараў).

Дзяржаўнай інспекцыяй архіваў і справаводства Рэспублікі Беларусь праведзена 71 праверка захавання заканадаўства ў сферы архіўнай справы і справаводства ў рэспубліканскіх органах дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органах. У рамках рэалізацыі мерапрыемстваў прафілактычнага і папераджальнага характару ў справаздачным годзе інспекцыяй праведзена 4806 кансультацый і рабочых нарад.

Па стане на 1 студзеня 2022 г. агульная колькасць работнікаў архіўных органаў і дзяржаўных архіўных устаноў складае 1131 чалавек, у тым ліку кіраўнікоў і спецыялістаў – 991 чалавек, з якіх 808 чалавек – жанчыны. Паказчык цякучасці кадраў у працэнтным адлюстраванні сярод кіраўнікоў і спецыялістаў склаў 16 працэнтаў. У 2021 годзе Дэпартаментам ажыццяўлялася вывучэнне пытанняў устанаўлення тыпавых штатаў у дачыненні да абласных і занальных дзяржаўных архіваў. У 2022 годзе запланавана распрацоўка спецыяльнай навуковай тэмы па акрэсленай праблеме.

Агульная плошча абсталяваных стэлажамі архівасховішчаў вырасла за год на 982 кв. метра, агульная даўжыня стэлажнай паліцы на 1 студзеня 2022 г. складае 219,6 км (за справаздачны перыяд павялічылася на 5,5 км).

Ажыццяўляліся работы па перапрафіліраванні, капітальных рамонтах і мадэрнізацыі будынкаў дзяржаўных архіваў Віцебскай і Гомельскай абласцей, Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. Бягучыя рамонты будынкаў праводзіліся ў 20 дзяржаўных архіўных установах.

У абмеркаваннях прынялі ўдзел прадстаўнікі Галоўных упраўленняў юстыцыі, дырэктары дзяржаўных архіўных устаноў.

Міністр юстыцыі С.М.Хаменка ў сваім выступленні падкрэсліў значэнне архіваў для захавання, вывучэння і папулярызацыі дакументальнай спадчыны беларускага народа. У сувязі з аб’яўленнем Кіраўніком дзяржавы 2022 года Годам гістарычнай памяці Міністр юстыцыі звярнуў увагу архівістаў на неабходнасць пашыраць інфармацыйна-асветніцкую дзейнасць, актывізаваць работу ў інтэрнэт-прасторы, выбудоўваць сістэмнае ўзаемадзеянне з установамі адукацыі ў пытаннях навучання і патрыятычнага выхавання моладзі. Міністр таксама звярнуў увагу на важнасць далейшай работы па ўмацаванні кадравага патэнцыялу галіны, паставіў задачы па ўдасканаленні матэрыяльна-тэхнічнай базы дзяржаўных архіўных устаноў, іх рэканструкцыі і рамонту, своечасоваму тэхнічнаму абнаўленню абсталявання.

Калегія ўказала дзяржаўным архіўным установам на неабходнасць няўхільнага выканання ў 2022 годзе планавых паказчыкаў асноўнай дзейнасці, мерапрыемстваў падпраграмы “Архівы Беларусі” Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2021–2025 гады, мерапрыемствы 52 падпраграмы “Лічбавае развіццё дзяржаўнага кіравання” Дзяржаўнай праграмы “Лічбавае развіццё Беларусі” на 2021–2025 гады, а таксама комплексу мер у частцы развіцця інфармацыйных тэхналогій пры вядзенні архіўнай справы (у прыватнасці – удасканалення сістэмы электроннага дакументазвароту і арганізацыі архіўнага захоўвання электронных дакументаў).

У сувязі з правядзеннем Года гістарычнай памяці і святкаваннем 100-годдзя архіўнай службы Беларусі вызначаны асноўныя тэматычныя накірункі ў асветніцкай дзейнасці дзяржаўных архіваў. Адначасова ўстановы галіны арыентаваны на афармленне выставачных экспазіцый дакументальных матэрыялаў на якасна-сучасным узроўні.

Калегія звярнула ўвагу на неабходнасць развіваць практыку правядзення спецыялістамі семінараў, кансультацый па актуальных пытаннях архіўнай справы і справаводства для рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

Адзначана, што дэфіцыт плошчаў з’яўляецца актуальнай праблемай для 6 камплектуючыхся архіваў: дзяржаўных архіваў Гомельскай (113% загружанасці), Мінскай (99,7%), Магілёўскай абласцей (102,3%), занальных дзяржаўных архіваў у гарадах Бабруйск (137,9%), Маладзечна (100,4%), Крычаў (97%). Калегія заклікала кіраўнікоў архіўных органаў абласцей і г. Мінска, дзяржаўных архіўных устаноў узяць пад кантроль пытанні ўдасканалення матэрыяльна-тэхнічнай базы дзяржаўных архіўных устаноў, своечасовага абнаўлення абсталявання.

Напрыканцы пасяджэння дырэктару Занальнага дзяржаўнага архіва ў г. Мазыры Т.С.Вахрушавай, дырэктару Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь А.К.Дзямянюку, дырэктару Дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці А.М.Сушчэвічу, дырэктару Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці Г.Г.Карапузавай за добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і ўзорнае выкананне службовых абавязкаў былі ўручаны Ганаровыя граматы Дэпартамента па архівах і справаводству.