29 снежня 2021 г. адбылося пасяджэнне калегіі Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь

29 снежня 2021 г. адбылося пасяджэнне калегіі Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, на якім былі разгледжаны наступныя пытанні:

  • 1. Аб рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у Дэпартаменце і рэспубліканскіх архіўных установах за перыяд з ліпеня па лістапад 2021 г.
  • 2. Аб Плане асноўных мерапрыемстваў Дэпартамента на 2022 год.
  • 3. Аб выкананні заканадаўства па барацьбе з карупцыяй у рэспубліканскіх архіўных установах у 2021 годзе.
  • 4. Аб Плане мерапрыемстваў па рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў рэспубліканскіх архіўных установах.

Па першым пытанні калегіяй было адзначана, што ў другім паўгоддзі 2020 года работа Дэпартамента і рэспубліканскіх архіўных устаноў была накіравана на своечасовы і якасны разгляд зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб. Нягледзячы на напружанае санітарна-эпідэміялагічнае становішча дзяржаўныя архівы не спынялі працу і працягвалі ажыццяўляць дзейнасць па ключавых функцыянальных накірунках. За ліпень – лістапад 2021 г. Дэпартаментам разгледжана 79 зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, з якіх 13 з’яўляліся пісьмовымі, 64 – электроннымі і 2 – вуснымі. У рэспубліканскіх архіўных установах разгледжана 211 зваротаў (4 пісьмовых, 95 электронных, 102 вусных). Усе звароты грамадзян, якія паступілі ў Дэпартамент і архіўныя ўстановы, разгледжаны ва ўстаноўленыя тэрміны.

Згодна з графікамі правядзення «прамых тэлефонных ліній» начальнікамі структурных падраздзяленняў (упаўнаважанымі імі службовымі асобамі), зацверджаным Міністрам юстыцыі Рэспублікі Беларусь, у названы перыяд часу ў Дэпартаменце былі арганізаваны 2 «прамыя тэлефонныя лініі».

Калегія ўказала рэспубліканскім архіўным установам на неабходнасць ажыццяўляць пастаянны кантроль за выкананнем патрабаванняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб; праводзіць актуалізацыю і своечасовае абнаўленне інфармацыі, якая размяшчаецца на стэндах і інтэрнэт-рэсурсах; аператыўна праводзіць аналіз скаргаў, заўваг і прапаноў, якія паступаюць; у планавым парадку на пасяджэннях калегіі Дэпартамента і дырэкцый рэспубліканскіх архіўных устаноў разглядаць стан працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб.

У рамках другога пытання парадку дня калегіяй разгледжаны і узгоднены праект Плана асноўных мерапрыемстваў Дэпартамента на 2022 год. Асаблівая ўвага пры абмеркаванні была нададзена комплексу запланаваных мерапрыемстваў па святкаванні 100-годдзя архіўнай службы Беларусі.

Па трэцім пытанні калегіяй была заслухана інфармацыя аб выкананні рэспубліканскімі архіўнымі ўстановамі патрабаванняў заканадаўства па барацьбе з карупцыяй у 2021 годзе. Адзначана, што ў адпаведнасці з агульнадзяржаўнай палітыкай гэта работа знаходзіцца на пастаянным кантролі з боку Дэпартамента і кіраўніцтва рэспубліканскіх архіўных устаноў. На планавай аснове арганізавана дзейнасць па інфармаванні работнікаў архіўнай галіны аб патрабаваннях заканадаўства і магчымай адказнасці за карупцыю, па навучанні і павышэнні кваліфікацыі спецыялістаў у пытаннях антыкарупцыйнага заканадаўства і інш. Аналізам работы са зваротамі грамадзян фактаў учынення (спроб учынення) работнікамі Дэпартамента і рэспубліканскіх архіўных устаноў карупцыйных правапарушэнняў не выяўлена.

У рамках чацвёртага пытання парадку дня быў разгледжаны і ўзгоднены праект Плана мерапрыемстваў па рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў рэспубліканскіх архіўных установах. Калегія звярнула ўвагу, што гэтаму пытанню ў дзяржаве традыцыйна надаецца сур’ёзная ўвага. Праект плана падрыхтаваны з улікам ключавых патрабаванняў і актуальных тэндэнцый у гэтым напрамку. Адзначана, што рэалізацыя мерапрыемстваў Плана дазволіць на сістэмным узроўні актывізаваць працу з моладдзю ў архіўных установах, што будзе садзейнічаць умацаванню кадравага патэнцыялу ўсёй галіны.