30 лістапада 2021 г. адбылося пасяджэнне калегіі Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь

30 лістапада 2021 г. адбылося пасяджэнне калегіі Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, на якім былі разгледжаны наступныя пытанні:

Аб навукова-даследчай рабоце ў 2017–2021 гадах;

Аб рабоце Дэпартамента па прастаўленні апастыля і дзяржаўных архіваў па выдачы інфармацыйных дакументаў па запытах сацыяльна-прававога характару ў 2021 годзе;

Аб рабоце па выкананні рэспубліканскімі архіўнымі ўстановамі Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2004 г. № 1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”.

У рамках першага пытання калегія адзначыла, што ў перыяд 2017–2021 гадоў установай «Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы» (далей – БелНДІДАС) і дзяржаўнай установай «Беларускі навукова-даследчы цэнтр электроннай дакументацыі» (далей – БелНДЦЭД) ажыццёўлена распрацоўка 54 навуковых тэм (34 тэмы – БелНДІДАС; 20 тэм – БелНДЦЭД). Пры гэтым для БелНДІДАС характэрны даследаванні тэарэтычнага і практычнага характару ў сферы архіўнай справы, справаводства, археаграфіі, навуковая работа БелНДЦЭД мае пераважна прыкладную накіраванасць.

Калегія звярнула ўвагу, што адным з ключавых элементаў навуковай дзейнасці з’яўляецца ўкараненне вынікаў даследаванняў у практычную плоскасць. У рамках гэтага напрамку навуковымі ўстановамі ажыццяўляецца падрыхтоўка праектаў нарматыўных прававых актаў, дзяржаўных стандартаў, метадычных дакументаў, звязаных з навуковымі даследаваннямі, правядзенне практычных семінараў і інш.

Калегія ўказала, што тэматыка навуковых даследаванняў і распрацовак патрабуе больш поўнага ахопу патрэб архіўнай галіны і фарміравання перспектыўных напрамкаў навукова-даследчай работы з улікам лічбавай трансфармацыі галіны.

Калегія разгледзела пытанні, звязаныя з камерцыялізацыяй вынікаў навуковых даследаванняў. Адзначана, што выпадкаў парушэння тэрмінаў камерцыялізацыі ў практыцы работы навуковых устаноў за гэты перыяд не зафіксавана.

Калегія звярнула ўвагу БелНДІДАС і БелНІЦЭД на актуальнасць больш актыўнага ўзаемадзеяння з дзяржаўнымі архівамі і галіновымі лабараторыямі ў накірунку ажыццяўлення навукова-даследчай работы на ўсіх стадыях яе рэалізацыі, у першую чаргу – пры вызначэнні праблемных напрамкаў, якія выклікаюць цяжкасці ў рабоце архіўных устаноў і патрабуюць навуковага і метадычнага. забеспячэння.

У рамках другога пытання калегіяй адзначана, што за студзень-кастрычнік 2021 года дзяржаўнымі архівамі разгледжана 4018 заяў грамадзян на выдачу архіўнай даведкі (архіўнай копіі, архіўнай выпіскі, інфармацыйнага ліста) па запытах сацыяльна-прававога характару.

Па заявах, што паступілі, было прынята 4018 адміністрацыйных рашэнняў, з іх 3891 – аб ажыццяўленні адміністрацыйнай працэдуры, 127 – аб адмове ў прыняцці заявы на ажыццяўленне адміністрацыйнай працэдуры па падставах, прадугледжаных Законам Рэспублікі Беларусь ад 28 кастрычніка 2008 г. № 433-З «Аб асновах адміністрацыйных працэдур».

Работнікамі Дэпартамента па архівах і справаводству за ўказаны перыяд часу на дакументах, што зыходзяць з дзяржаўных архіваў Рэспублікі Беларусь, было прастаўлена 160 апастыляў.

Скаргі грамадзян на ажыццёўленыя Дэпартаментам і дзяржаўнымі архівамі адміністрацыйныя працэдуры ў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і галоўныя ўпраўленні юстыцыі абласных выканаўчых камітэтаў не паступалі.

Калегія ўказала кіраўнікам дзяржаўных архіўных устаноў Рэспублікі Беларусь на неабходнасць праводзіць на пастаяннай аснове сярод карыстальнікаў работу, накіраваную на папулярызацыю дзейнасці Партала рэйтынгавай ацэнкі якасці аказання паслуг арганізацыямі Рэспублікі Беларусь (http://xn—-7sbgfh2alwzdhpc0c.xn--90ais/RatingPortal).

У рамках разгляду трэцяга пытання калегіяй была прааналізавана работа па выкананні рэспубліканскімі архіўнымі ўстановамі Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2004 г. № 1 “Аб мерах па ўмацаванню грамадскай бяспекі і дысцыпліны”.

Адзначана, што ў 2021 годзе асноўныя намаганні ў гэтай сферы былі накіраваны на: рэалізацыю мерапрыемстваў па павышэнні ўзроўню культуры бяспекі жыццядзейнасці; безумоўнае выкананне абавязковых для захавання патрабаванняў тэхнічных нарматыўных прававых актаў у сферы аховы працы; ажыццяўленне комплексу мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне пажараў і гібелі людзей пры пажарах; фарміраванне правапаслухмяных паводзін, здаровага ладу жыцця, навыкаў па забеспячэнні асабістай і маёмаснай бяспекі работнікаў; рэалізацыю мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне распаўсюджвання захворванняў, выкліканых віруснай інфекцыяй (COVID-19).

У мінулым 2021 годзе выпадкаў вытворчага траўматызму ў архіўных установах не зафіксавана. Кіраўніцтвам архіўных устаноў рэалізуюцца мерапрыемствы, накіраваныя на павышэнне дысцыпліны працы і эфектыўнасці працы з кадрамі.

Своечасова ажыццёўлена арганізацыйна-тэхнічная падрыхтоўка архіўных устаноў да работы ў асенне-зімовы перыяд 2021/2022 гадоў.

У рамках выканання Комплекснага плана мерапрыемстваў па папярэджанні распаўсюджвання інфекцыі COVID-19 у Рэспубліцы Беларусь у архіўных установах праводзяцца неабходныя мерапрыемствы ў частцы забеспячэння членаў калектываў сродкамі індывідуальнай абароны (маскамі) і антысэптычнымі сродкамі, арганізацыі рэгулярнай вільготнай уборкі памяшканняў з выкарыстаннем сродкаў дэзінфекцыі, устанаўлення асобным работнікам індывідуальнага рэжыму працоўнага часу (у мэтах папярэджання масавага знаходжання ў грамадскім транспарце), інфармавання і арганізацыі вакцынацыі работнікаў і інш.

Калегія таксама ўзгадніла прызначэнні Алясюк Вольгі Баляславаўны на пасаду загадчыка аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў дзяржаўнай установы “Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна” і Кірыленкавай Наталлі Фёдараўны на пасаду начальніка аддзела алічбоўкі дзяржаўнай установы “Рэспубліканская тэхнічная лабараторыя мікрафільміравання страхавога фонду дакументацыі”.