22 чэрвеня ў фае Авальнай залы Дома ўрада адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця мемарыяльнай дошкі і мітынг –рэквіем у памяць аб дэпутатах Вярхоўнага Савета БССР першага склікання, загінуўшых і зніклых без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны і прэзентацыя выдання «Яны былі першымі. Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР першага склікання”, падрыхтаванага пры ўдзеле Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь
У трагічны для нашай краіны Дзень 22 чэрвеня ў фае Авальнай залы Дома ўрада адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця мемарыяльнай дошкі і мітынг –рэквіем у памяць аб дэпутатах Вярхоўнага Савета БССР першага склікання, загінуўшых і зніклых без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны і прэзентацыя выдання «Яны былі першымі. Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР першага склікання”, падрыхтаванага пры ўдзеле Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.
На мерапрыемстве выступілі: Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанка У. П., Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь трэцяга склікання Канаплёў Ст. Н., праўнучка дэпутата Вярхоўнага Савета БССР першага склікання Фядосенка Агаф’і Іванаўны Клінцова Ю. С. і настаяцель Усіхсвяцкага прыходу протаіерэй Фёдар Поўны. На мітынгу-рэквіеме прысутнічалі парламентарыі, прадстаўнікі дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, замежных дзяржаў і міжнародных структур.
За праведзеную працу па падрыхтоўцы выдання калектыву Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь была ўрачыста ўручана падзяка старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
У рамках вышэйпаказанага мітынгу Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь прадставіў выставу, прысвечаную 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны і дзейнасці дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР першага склікання, якія былі абраныя 28 чэрвеня 1938 г. Многія з іх у далейшым сталі вядомымі партыйна-дзяржаўнымі, савецкімі, навуковымі і культурнымі дзеячамі Беларусі, яе элітай. У ваенныя гады дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР першага склікання гераічна змагаліся на франтах, былі актыўнымі ўдзельнікамі партызанскага руху і падполля, працавалі ў тыле.
На выставе прадстаўлены ўнікальныя дакументы архіва, якія адлюстроўваюць сітуацыю напярэдадні вайны, а таксама матэрыялы аб дзейнасці дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР першага склікання:
Разведвальная Зводка і спец-паведамленні народнага камісара ўнутраных спраў БССР Л. Цанавы аб сітуацыі на мяжы і прылеглай тэрыторыі на пачатак 1941 года, пастановы ваеннага савета Заходняй асаблівай ваеннай акругі аб падрыхтоўцы да будаўніцтва аператыўных аэрадромаў на 1941 год, абаронных збудаванняў, аб ходзе забеспячэння РККА, аб стварэнні недатыкальнага запасу паліваў, дакументы партызанскіх атрадаў і брыгад, унікальныя ваенныя карты, якія паказваюць дыслакацыю нямецкіх войскаў напярэдадні нападу на Савецкі Саюз, спісы указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, прынятых на пасяджэннях першага склікання, справаздачы дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР у прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР аб сваёй працы, аўтабіяграфіі, анкеты дэпутатаў Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, паштовыя карткі і лісты дэпутатаў з фронту ў адрас Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, паведамленні аб гібелі, лісты родных з просьбай паведаміць аб месцы знаходжання мужа, сына, які з’яўляецца дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Многія дакументы архіў дэманструе ўпершыню.
Дакументы, прадстаўленыя Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь, выклікалі вялікую цікавасць сярод прысутных.
.
Падрабязней аб мерапрыемстве:
https://pravo.by/novosti/obshchestvenno-politicheskie-i-v-oblasti-prava/2021/june/64988/