Віншаванне з Новым годам!
дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводству В.І.Кураша

адыходзячы 2020-ы год быў няпростым. Для ўсяго чалавецтва ён стаў часам новых выклікаў і выпрабаванняў, сур’ёзных рашэнняў і напружанай працы. Прыемна адзначыць, што ва ўмовах складанага санітарна-эпідэміялагічнага становішча дзяржаўная архіўная галіна Беларусі эфектыўна справілася з ускладзенымі на яе задачамі, што стала чарговым сведчаннем высокага прафесіяналізму і адказнасці беларускіх архівістаў!
Дзяржаўнымі архіўнымі ўстановамі дасягнуты асноўныя мэты і планавыя паказчыкі ў рамках ключавых напрамкаў дзейнасці па камплектаванню, уліку, забеспячэнню захаванасці дакументальных матэрыялаў. Паспяхова рэалізаваны шэраг публікацыйна-выдавецкіх і выставачных праектаў. Актыўна ўкараняліся новыя формы і метады працы, у дыстанцыйным фармаце праводзіліся навукова-практычныя форумы і ўрачыстыя мерапрыемствы. Працягвала ўмацоўвацца матэрыяльна-тэхнічная і кадравая база айчыннай архіўнай сістэмы.
Надыходзячы 2021-ы год ставіць перад беларускімі архівістамі не менш адказныя і маштабныя задачы. Наперадзе нас чакае арганізацыйная работа па падрыхтоўцы да святкавання 100-гадовага юбілею архіўнай службы Беларусі. І тут асабліва важным будзе ўнёсак і ініцыятыва кожнага калектыву, кожнага работніка нашай галіны!
Прыміце самыя добрыя і шчырыя пажаданні моцнага здароўя, міру, дабрабыту, невычэрпнай энергіі і бадзёрасці духу! Няхай надыходзячы год будзе паспяховым і плённым, стане залогам стабільнасці, прынясе мноства прафесійных перамог і здзяйсненняў на карысць роднай Беларусі!
З падзякай за вашу працу,
Дырэктар Дэпартамента
па архівах і справаводству
Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь В.І.Кураш