11 лютага 2020 г. у Галоўным упраўленні юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны 80-годдзю стварэння архіўнай службы і дзяржаўных архіваў Брэсцкай вобласці
11 лютага 2020 г. у Галоўным упраўленні юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны 80-годдзю стварэння архіўнай службы і дзяржаўных архіваў Брэсцкай вобласці.
Памятная дата звязана з пастановай Савета Народных Камісараў БССР “Аб арганізацыі архіўнай справы ў Баранавіцкай, Пінскай, Вілейскай, Брэсцкай і Беластоцкай абласцях БССР», прынятай 11 лютага 1940 г.
Архівістаў Брэстчыны павіншавалі намеснік дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь А. Цвяткоў, начальнік Галоўнага ўпраўлення юстыцыі С. Каліноўскі.
З дакладам “Развіццё архіўнай справы ў Брэсцкай вобласці. 2015-2019 гг.” выступіла начальнік аддзела архіўных устаноў, натарыята і ЗАГСаў Н. Кралько.
Архівістаў вобласці павіншавала дэкан гістарычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. А. С. Пушкіна Е. Бурык, адзначыўшы, што факультэт многія гады плённа супрацоўнічае з абласным дзяржаўным архівам па розных напрамках.
Дырэктары дзяржаўных архіваў прадэманстравалі відэапрэзентацыі аб сваіх установах і дасягнутых поспехах.
Пра свой архіўны лёс працягласцю 52 гады распавяла ветэран дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці Л. Г. Рамановіч, якая суправадзіла свой выступ аўтарскімі вершамі.
За шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, вялікі ўклад у арганізацыю і развіццё архіўнай справы ў Брэсцкай вобласці былі ўручаны ўзнагароды 18 кіраўнікам і работнікам дзяржаўных архіваў вобласці (ганаровыя граматы Дэпартамента па архівах і справаводстве, грамата Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, ганаровыя граматы і падзякі Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама).
Асаблівыя словы падзякі былі сказаны ветэранам архіўнай справы, уручаны падарункі.
У мерапрыемстве таксама прыняў удзел старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў В. Дашкевіч, які павіншаваў са святам прысутных, падзякаваў за сумесную плённую грамадскую дзейнасць і ўручыў ад імя прафсаюза граматы і падзякі архівістам, якія вызначыліся.