Аб выніках працы органаў архіўнай справы і справаводства і дзяржаўных архіўных устаноў Рэспублікі Беларусь у 2021 годзе

У 2021 годзе пачалася рэалізацыя мерапрыемстваў падпраграмы “Архівы Беларусі” Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2021-2025 гады, а таксама мерапрыемства 52 “Развіццё АІС аўдыёвізуальных дакументаў для ўстановы “Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў” падпраграмы “Лічбавае развіццё дзяржаўнага кіравання” Дзяржаўнай праграмы “Лічбавае развіццё Беларусі” на 2021-2025 гады. Усе мэтавыя паказчыкі падпраграм у справаздачны перыяд выкананы.

Агульны аб’ём прынятых на пастаяннае захоўванне дакументаў склаў 125 397 адзінак захоўвання (у тым ліку кінадакументаў – 3 037 адз. зах., фотадакументаў – 1 750 адз. зах., фонадакументаў – 251 адз. зах.). Таксама ў дзяржаўныя архівы на пастаяннае захоўванне прынята 5382 дакументы партыйных, дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, дзеячаў навукі, беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, літаратуразнаўцаў, гісторыкаў і інш.

Крыніцамі камплектавання дзяржаўных архіваў па стане на 1 студзеня 2022 г. з’яўляецца 7591 арганізацыя. Архіўнай галіной узмоцнены акцэнт на метадалагічную працу ў частцы павышэння кваліфікацыі работнікаў службаў дакументацыйнага забеспячэння ўпраўлення, загадчыкаў архіваў і адказных за архіў арганізацый (усяго ў 2021 годзе праведзена 96 семінараў).

На працягу года Дэпартаментам і дзяржархівамі аказвалася метадычная і практычная дапамога дзяржаўным органам і арганізацыям у распрацоўцы лакальных прававых актаў па пытаннях архіўнай справы і справаводства, у правядзенні навукова-тэхнічнай апрацоўкі дакументаў пастаяннага захоўвання і па асабовым складзе, складанні вопісаў спраў і наменклатур.

У Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца актыўнае ўкараненне электроннага дакументаабароту, як аднаго са стратэгічных напрамкаў у сферы фарміравання “лічбавай эканомікі” і кіравання дакументацыяй, стварэння сучасных архіўных інфармацыйных сістэм. У 2021 годзе працягвалася праца ў рамках рэалізацыі мерапрыемстваў па забеспячэнні ў Рэспубліцы Беларусь архіўнага захоўвання электронных дакументаў. Дэпартаментам сумесна з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь і Беларускім навукова-даследчым цэнтрам электроннай дакументацыі праведзена вывучэнне арганізацыі работы па забеспячэнні архіўнага захоўвання электронных дакументаў у 14 дзяржаўных органах і арганізацыях. Павышэнню прафесійнага ўзроўню работнікаў службаў дакументацыйнага забеспячэння ўпраўлення дзяржаўных органаў садзейнічала правядзенне на базе Дэпартамента па архівах і справаводстве рэспубліканскіх семінараў па пытаннях арганізацыі работы з электроннымі дакументамі і іх архіўнага захоўвання.

Дзяржаўнай інспекцыяй архіваў і справаводства Рэспублікі Беларусь праведзена 71 праверка захавання заканадаўства ў сферы архіўнай справы і справаводства ў рэспубліканскіх органах дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органах. У рамках рэалізацыі мерапрыемстваў прафілактычнага і папераджальнага характару ў справаздачным годзе інспекцыяй праведзена 4806 кансультацый і рабочых нарад.

Для аптымізацыі ўмоў захоўвання архіўных дакументаў у 2021 годзе дзяржаўнымі архіўнымі ўстановамі рэалізоўваўся комплекс арганізацыйных і практычных мерапрыемстваў. Ажыццяўляліся работы па перапрафіляванні, капітальных рамонтах і мадэрнізацыі будынкаў дзяржаўных архіваў Віцебскай і Гомельскай абласцей, Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. Бягучыя рамонты будынкаў праводзіліся ў 20 дзяржаўных архіўных установах. У многіх архівах прымяняліся меры па аптымізацыі ўмоў захоўвання дакументаў, закуплялася неабходнае абсталяванне і сродкі захоўвання. У 2021 годзе камп’ютарны парк павялічыўся на 50 адзінак і склаў 1001 камп’ютар. Колькасць сканавальнага абсталявання ў архіўных установах склала 72 адзінкі рознага ўзроўню тэхнікі.

Агульная плошча аснашчаных стэлажным абсталяваннем архівасховішчаў вырасла за 2021 год на 982 кв. метра, агульная даўжыня стэлажнай паліцы на 1 студзеня 2022 г. складае 219,6 км (за справаздачны перыяд павялічылася на 5,5 км).

Дзяржаўнымі архіўнымі ўстановамі алічбавана 1 123 350 электронных старонак. Паказчыкі па аблічбоўцы архіўных дакументаў перавышаны на 15,7 працэнтаў ад запланаваных, што адпавядае задачам, пастаўленым перад архіўнай галіной Урадам у гэтым напрамку. Згодна з пашпартнымі звесткамі доля лічбавых копій спраў у аб’ёме фонду карыстання дасягнула 24 працэнтаў. Доля вопісаў спраў у электронным выглядзе складае 42 працэнты.

Па стане на 1 студзеня 2022 г. улічана 47 543 фондаў (калекцый). Аб’ём дакументаў складае 13 242 868 адз. хр. на папяровай аснове (з іх асабліва каштоўных – 334 681 адз.зах.); 55 637 адз.зах. кінадакументаў; 278090 адз.зах. фотадакументаў; 24 244 адз.зах. фонадакументаў; 7759 адз.зах. відэадакументаў; 13 электронных фондаў, 758 адз. ул. электронных дакументаў; 796 музейных прадметаў. 122 тэрытарыяльных архіва захоўваюць 1435153 адз.зах.

Дзяржаўнымі архівамі ў 2021 годзе праведзена 179 выстаў па актуальных тэматычных напрамках (Год народнага адзінства, 80-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 35-я гадавіна аварыі на Чарнобыльскай АЭС, 100-годдзе Рыжскага мірнага дагавора, 100-годдзе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, 30-годдзе ўтварэння Садружнасці Незалежных дзяржаў і інш.).

Выпушчана ў свет 15 выданняў, у тым ліку 12 зборнікаў дакументаў, 1 даведнік, 2 манаграфіі, тэматыка якіх ахоплівае перыяд XVII–XX стагоддзяў. Апублікаваны 2-і нумар альманаха “Аўтограф”, 19-ы выпуск зборніка навуковых паведамленняў і артыкулаў “Архіварыус”, 22-і выпуск “Беларускага археаграфічнага штогодніка”. Праведзена 10 канферэнцый, 42 прэзентацыі, падрыхтавана 117 тэле- і радыёперадач, 43 інтэрв’ю ў друкаваных і інтэрнэт сродках масавай інфармацыі, 311 артыкулаў, 74 тэматычныя пералікі архіўных дакументаў. Чытальныя залы дзяржархіваў наведаў 3121 карыстальнік. Дзяржархівамі выканана 3,1 тыс. тэматычных, 8,7 тыс. біяграфічных, 283 генеалагічныя запыты і 23 тыс. запыты сацыяльна-прававога характару. Наведвальнасць сайтаў дзяржаўных архіўных устаноў склала 283 тыс., афіцыйных акаўнтаў у сацыяльных сетках – 171,4 тыс.

У 2021 годзе працягвалася рэалізацыя сумеснага праекта Нацыянальнага архіва Рэспублики Беларусь і Выдавецкага дома “Беларусь сегодня” па стварэнню агульнадаступнай базы дадзеных аб партызанах і падпольшчыках, якія дзейнічалі на акупаванай тэрыторыі Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны, і інфармацыйнага інтэрнет-партала “Партызаны Беларусі”.

У адкрытым доступе дадаткова размешчана 73 тысячы персанальных электронных картак партызан і падпольшчыкаў (з лічбавымі копіямі дакументаў). Агульны лік персанальных картак у базе дадзеных на 1 студзеня 2022 г. складае 185,5 тысяч.

На працягу года адбылася серыя прэзентацый гэтага праекта шляхам правядзення перасоўных інтэрактыўных выставак на базе ўстаноў адукацыі, воінскіх часцей, дзяржаўных устаноў.

Дэпартаментам і дзяржаўнымі архівамі аказвалася кансультатыўна-метадычная і практычная дапамога прадстаўнікам Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь па выяўленні дакументальных матэрыялаў у рамках расследавання крымінальнай справы па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд (было выраблена і прадастаўлена звыш 168 тыс. копій архіўных дакументаў).

Навуковымі ўстановамі галіны вялася распрацоўка 16 навукова-даследчых тэм, 11 з якіх у адпаведнасці з каляндарнымі планамі былі завершаны.

У 2021 годзе Дэпартаментам па архівах і справаводству ажыццяўлялася работа па падрыхтоўцы праекта Закона Рэспублікі Беларусь па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь ад 25 лістапада 2011 г. № 323-З “Аб архіўнай справе і справаводстве ў Рэспубліцы Беларусь” (законапраект прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у першым чытанні), праекта Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб афіцыйных геральдычных сімвалах”, якім вызначаны пералікі органаў і арганізацый, якія маюць права на стварэнне сцягоў, і асоб, упаўнаважаных на нашэнне форменнага адзення (Указ № 258 падпісаны Кіраўніком дзяржавы 6 ліпеня 2021 г.).

У рамках падрыхтоўкі да святкавання 100-годдзя архіўнай службы Беларусі (2022 год) быў сфарміраваны арганізацыйны камітэт, зацверджаны План мерапрыемстваў, прадстаўлены лагатып, распрацаваны прэзентацыйныя матэрыялы аб установах галіны. Ажыццяўлялася падрыхтоўка дакументальнага выдання, юбілейнага маркіраванага канверта і віртуальнай выстаўкі. На сайце «Архівы Беларусі» размешчаны спецыяльны юбілейны раздзел, у якім акумулюецца актуальная інфармацыя і матэрыялы.

У Дзяржаўны геральдычны рэгістр Рэспублікі Беларусь унесена 140 афіцыйных геральдычных сімвалаў. Агульны лік геральдычных знакаў у рэгістры на сённяшні дзень складае 2360.

У 2021 годзе ажыццяўлялася рэалізацыя пагадненняў і планаў супрацоўніцтва з архіўнымі службамі і ўстановамі замежных краін.

22 верасня 2021 г. у г. Магілёве адбылося сумеснае пасяджэнне калегій Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і Федэральнага архіўнага агенцтва Расійскай Федэрацыі.

У ходзе калегіі было разгледжана пытанне “Аб пазабюджэтнай дзейнасці дзяржаўных архіўных устаноў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі”, а таксама прааналізавана выкананне двухбаковага Плана сумесных дзеянняў Дэпартамента і Федэральнага архіўнага агенцтва на 2020-2022 гады.

У рамках праграмы двухбаковай прафесійнай сустрэчы таксама адбыўся беларуска-расійскі круглы стол “Стварэнне і развіццё сістэмы навукова-даведачнага апарата на сучасным этапе: праблемы і рашэнні”, падчас якога абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з удасканаленнем механізмаў пошуку архіўнай інфармацыі і аператыўнага доступу да архіўных дакументаў.

10 снежня 2021 г. у фармаце відэаканферэнцыі прайшло 17-е пасяджэнне Кансультатыўнай рады кіраўнікоў дзяржаўных архіўных службаў дзяржаў–удзельніц СНД. У рамках пасяджэння былі падведзены вынікі работы архіўных службаў дзяржаў – удзельніц СНД у 2021 годзе, прааналізаваны вопыт арганізацыі ўзаемадзеяння архіўных службаў з установамі адукацыі ў напрамку падрыхтоўкі спецыялістаў у сферы архіўнай справы і справаводства, разгледжаны актуальныя пытанні супрацоўніцтва.

Па стане на 1 студзеня 2022 г. агульная колькасць работнікаў архіўных органаў і дзяржаўных архіўных устаноў складае 1131 чалавек, у тым ліку кіраўнікоў і спецыялістаў – 991 чалавек, з якіх 808 чалавек – жанчыны.

За плённую працу і вялікі ўклад у развіццё архіўнай справы і справаводства 23 работнікі архіўнай сістэмы ўдастоены ўзнагарод Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства юстыцыі і Дэпартамента, у тым ліку 4 работнікі ўзнагароджаны нагрудным знакам Дэпартамента “Ганаравы архівіст Беларусі”.