Памер шрыфту: A A A A A
Колеры: A A A A
Выявы:
Архівы Беларусі
Інфармацыйны партал архіўнай галіны Рэспублікі Беларусь

Міжнароднае супрацоўніцтва: у БДАМЛМ адбылася сустрэча з навукоўцамі з Кыргызстана па вывучэнні спадчыны Чынгіза Айтматава

27 лістапада 2026 года ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) адбылася рабочая сустрэча з прадстаўнікамі Інстытута мовы і літаратуры імя Ч.Айтматава Нацыянальнай акадэміі навук пры Прэзідэнце Кыргызскай Рэспублікі. Візіт замежных гасцей быў прысвечаны садзейнічанню ў выяўленні і прадастаўленні дакументальных матэрыялаў, звязаных з творчай спадчынай народнага пісьменніка Кіргізскай ССР Чынгіза Айтматава.

Загадчык аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў БДАМЛМ В.В.Біруля правяла для замежных калег аглядную экскурсію, пазнаёміўшы іх са спецыфікай фарміравання фондаў архіва-музея, большую частку якіх складаюць асабістыя архівы пісьменнікаў. Кыргызскім даследчыкам былі прадстаўлены дакументы з фондаў БДАМЛМ, якія адлюстроўваюць творчыя сувязі Ч.Айтматава з Беларуссю: фатаграфіі сцэн са спектакля «Узыходжанне на Фудзіяму» (п’еса Ч.Айтматава і К.Мухамеджанава) у пастаноўцы Дзяржаўнага Рускага драматычнага тэатра БССР 1973 года, рэцэнзія А.Аляксеевай на спектакль падчас гастроляў у г.Горкім (1979 г.), артыкул Чынгіза Айтматава «Загад часу» ў перакладзе на беларускую мову, апублікаваны ў газеце «Голас Радзімы» ад 20 лістапада 1986 года і інш.

У завяршэнне сустрэчы дырэктар архіва-музея А.А.Макаранка ўручыла гасцям прадстаўніцкае навукова-папулярнае выданне БДАМЛМ «Скарбніца нацыянальнай літаратуры і мастацтва». У сваю чаргу госці з Кыргызскай Рэспублікі перадалі ў дар архіву-музею зборнік дакументаў, выдадзены Інстытутам, выказаўшы ўдзячнасць за адкрытасць і гатоўнасць да далейшага плённага супрацоўніцтва.

 

1. Дырэктар БДАМЛМ з прадстаўнікамі Інстытута мовы і літаратуры імя Ч.Айтматава Нацыянальнай акадэміі навук пры Прэзідэнце Кыргызскай Рэспублікі
2. В.В.Біруля падчас экскурсіі для гасцей з Кыргызскай Рэспублікі