Тыдзень бацькоўскай любові ў Нацыянальным архiве Рэспублiкi Беларусь
У Беларусі Тыдзень бацькоўскай любові праходзіць з 14 па 21 кастрычніка. Ён аб’ядноўвае два галоўныя сямейныя святы: Дзень маці (14 кастрычніка) і Дзень бацькі (21 кастрычніка).
У ДУ «Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь» (далей – НАРБ) быў арганізаваны шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных мацярынству і бацькоўству, адказнаму бацькоўству і традыцыйным сямейным каштоўнасцям.
У першы дзень Тыдня бацькоўскай любові, 14 кастрычніка 2026 г., намеснік дырэктара С.В.Кулінок ва ўрачыстай абстаноўцы павіншаваў калег з Днём маці. Былі асветлены гістарычныя аспекты свята. Дзень маці ўстаноўлены Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 ліпеня 1996 г. №277. Дата сімвалічна прымеркавана да праваслаўнага свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы, якое гістарычна ўспрымалася як сімвал абароны, мацярынскага заступніцтва і міласэрнасці. Святаслаў Валянцінавіч падкрэсліў асаблівую ролю жанчыны-маці ў жыцці грамадства і пажадаў калегам моцнага здароўя, душэўнага спакою, гармоніі, цяпла і ўтульнасці.
Традыцыйна НАРБ далучыўся да Рэспубліканскай прафсаюзнай акцыі «Павіншуем маму разам!» і «Павіншуем тату разам!», у рамках якой можна было адправіць віншавальныя паштоўкі сваім самым родным людзям – маме і таце.
У архіўнай галіне большасць работнікаў – жанчыны, якія паспяхова сумяшчаюць прафесійную дзейнасць з выхаваннем дзяцей. У НАРБ створаны ўсе неабходныя ўмовы для сумяшчэння мацярынства і кар’еры. 15 кастрычніка 2026 г. на базе НАРБ адбыўся культурна-асветніцкі марафон «Жанчыны ў гісторыі Беларусі», падчас якога была падкрэслена роля жанчыны-прафесіянала.
Тыдзень бацькоўскай любові – выдатная нагода выказаць словы падзякі бацькам за годнае выхаванне сына ці дачкі, уклад у іх развіццё, поспехі і дасягненне высокіх вынікаў. Бацькам работнікаў, якія асабліва праявілі сябе ў прафесійным і грамадскім жыцці, ад імя кіраўніцтва і калектыву НАРБ былі накіраваны падзячныя пісьмы.
Архівісту аддзела справаводства і фарміравання Нацыянальнага архіўнага фонду Самастыюку Сяргею Ігаравічу і яго жонцы Валерыі Дзмітрыеўне ад імя кіраўніцтва і калектыву НАРБ уручаны віншавальны адрас з нагоды Дня шлюбу, які адбыўся 16 кастрычніка. У сваім віншаванні намеснік дырэктара С.В.Кулінок пажадаў маладой сям’і доўгага шчасця і дабрабыту ва ўсім. Ён адзначыў, што стварэнне сям’і – гэта важны, прыгожы і адказны крок, а рэгістрацыя шлюбу ў Тыдзень бацькоўскай любові лічыцца добрым знакам і закладвае моцны фундамент для будучага адказнага бацькоўства.
19 кастрычніка 2026 г. у ходзе інфармацыйнага сходу былі асветлены асноўныя мерапрыемствы Тыдня бацькоўскай любові, якія праходзяць у рэспубліцы.
Першасная прафсаюзная арганізацыя і першасная арганізацыя ГА «Беларускі саюз жанчын» НАРБ арганізавалі выставачны праект «Усё пачынаецца з сям’і». Дзеці работнікаў прэзентавалі свае малюнкі і творчыя работы на тэму сям’і. 21 кастрычніка былі падведзены вынікі, арганізатары падзякавалі ўсім, хто далучыўся. Старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі НАРБ Н.В.Ісайчук у сваім выступленні адзначыла, што толькі дзіцячы малюнак можа перадаць усю шчырасць пачуццяў, заадно нагадаць нам, дарослым, што мы таксама былі дзецьмі, таксама малявалі сваіх бацькоў. Усе работы цудоўныя, таму заслужаную ўзнагароду атрымаў кожны юны ўдзельнік.
З нагоды Дня бацькі, які ў Беларусі штогод адзначаюць 21 кастрычніка, у НАРБ адбыўся ўрачысты сход, на якім намеснік дырэктара В.В.Скамарошчанка павіншавала калег са святам і пажадала ім цярпення, вытрымкі, радасці ад бацькоўства і больш часу для сям’і і блізкіх. Свята з’явілася адносна нядаўна: упершыню беларускіх татаў афіцыйна віншавалі ў 2022 годзе. Дзень бацькі заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 чэрвеня 2022 г. №198. Вольга Васільеўна адзначыла, што цяпер назіраецца перыяд уцягнутага бацькоўства, таты нароўні з мамамі займаюцца выхаваннем дзяцей, уключаны ва ўсе працэсы, звязаныя з дзецьмі. І, вядома, такое свята дадаткова матывуе і павышае статут бацькоўства ў грамадстве.
Такім чынам, Тыдзень бацькоўскай любові – гэта тыдзень мерапрыемстваў, прысвечаных умацаванню сямейных традыцый, папулярызацыі ўсвядомленага бацькоўства і захавання духоўна-маральных каштоўнасцяў.
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |






