Экскурсійная паездка калектыва ЗДАПол: Бабруйск, Чырвоны Бераг і Жылічы
Члены калектыву Занальнага дзяржаўнага архіва ў г.Полацку працягваюць добрую традыцыю пазнавальных паездак. Чарговая экскурсія дазволіла супрацоўнікам дакрануцца да багатай гісторыі і культуры Беларусі, наведаўшы тры знакавыя аб’екты.
Маршрут пачаўся з Бабруйска – аднаго з найбуйнейшых прамысловых цэнтраў краіны. Горад, знакаміты сваімі сімваламі, здзівіў арыгінальнымі помнікамі бабрам. Жывёлы намаляваны ў выяве франтаватых мяшчан XIX стагоддзі, што падкрэслівае гістарычную эпоху фармавання аблічча цэнтральнай пешаходнай вуліцы.
Падчас вандроўкі па горадзе архівістаў сустрэлі каларытныя героі. Камендант Бабруйскай крэпасці расказаў пра ключавую ролю крэпасці ў падзеях вайны 1812 года. Маштабныя бастыёны, якія захаваліся да нашых дзён, уражваюць сваёй моцай і дазваляюць уявіць маштаб гістарычных падзей.
![]() |
| 1. Полацкія архівісты з камендантам Бабруйскай крэпасці. |
Весялун і гумарыст Шура Балаганаў прапанаваў усім жадаючым пагладзіць залатое цяля «на поспех» і для «поўнага шчасця».
![]() |
| 2. Полацкія архівісты ля помніка Шуры Балаганаву. |
У Яўрэйскім дворыку гасцінная цётка Соня пачаставала сапраўднымі мясцовымі піражкамі з капустай, а вясёлы карчмар Йошка прапанаваў развучыць запальны танец «7:40» пад акампанемент жывой скрыпкі.
![]() |
| 3. У Яўрэйскім дворыку з цёткай Соняй і карчмарам Йошкам. |
![]() |
| 4. «Частуемся» піражкамі. |
Прагуляліся па вуліцы Сацыялістычнай – знакамітаму «Бабруйскаму Арбату», адчулі адмысловы каларыт старадаўняй вуліцы.
![]() |
| 5. Падчас экскурсій па Бабруйску. |
Працягам экскурсіі стала наведванне сядзібы Козел-Паклеўскіх ХIХ ст. у Чырвоным Беразе. Вонкавае аблічча сядзібнай хаты ўпрыгожваюць шатры веж, мансардныя дахі, убудаваныя на галоўным уваходзе постаці гаргулляў. А ўнутраныя залы – свайго роду даведнік па гісторыі архітэктурных стыляў у інтэр’еры. Тут спалучаюцца элементы больш за дзесяць стыляў — гатычны і раманскі, ракако, маньерызм, барока, класіцызм…
Сядзіба Козел-Паклеўскіх – гэта адзіная беларуская сядзіба, у афармленні якой выкарыстоўваўся рэдкі арабскі стыль – альгамбра, або маўрытанскі.
![]() |
![]() |
| 6-7. У сядзібе Козел-Паклеўскіх у Чырвоным Беразе. |
Завяршыла праграму паездка ў Жылічы. Ацалелы палацава-паркавы комплекс Булгакаў з’яўляецца яскравым прыкладам класіцызму. Захаваныя інтэр’еры з багатым дэкорам, ляпнінай і разьбой па дрэве, а таксама маляўнічы парк з сажалкамі ракі Добосны дазволілі ўдзельнікам экскурсіі ацаніць веліч сядзібнай культуры мінулага.
![]() |
![]() |
![]() |
| 8-10. У палацава-паркавым комплексе Булгакаў. |
Такія паездкі не толькі цешаць, але і аб’ядноўваюць нас, нагадваючы пра тое, як важна ведаць і памятаць сваю гісторыю.









