Да Дня дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый Занальны дзяржаўны архіў у г.Полацку прадстаўляе інфармацыю аб устаноўцы мемарыяльнай дошкі Герою Савецкага Саюза генералу арміі Маргелаву Васілю Філіповічу
Паветрана-дэсантныя войскі (ПДВ) – асобны высокамабільны род войскаў у складзе ўзброеных сіл многіх дзяржаў свету. ПДВ здольныя хутка дасягаць выдаленых раёнаў тэатраў ваенных дзеянняў, наносіць раптоўныя ўдары па праціўніку, хутка захопліваць і ўтрымліваць важныя раёны ў яго глыбокім тыле, парушаць дзяржаўнае і ваеннае кіраванне, авалодваць астравамі, участкамі марскога ўзбярэжжа, ваенна-марскімі і авіяцыйнымі базамі, садзейнічаць надыходзячым войскам у фарсіраванні з ходу буйных водных перашкод і хуткім пераадоленні горных перавалаў, знішчаць крытычна важныя аб’екты праціўніка і выконваць іншыя задачы.
Велізарны ўклад у развіццё ПДВ унёс камандуючы ПДВ (1954-1959) генерал арміі (1967) В.Ф.Маргелаў. Генерал Маргелаў з’яўляўся галоўным рэфарматарам савецкіх ПДВ, які вывеў іх на якасна новы ўзровень. Яшчэ адным важным укладам Маргелава ў развіццё ПДВ у перыяд яго камандавання, стала папулярызацыя ў асяроддзі моладзі службы ў паветрана-дэсантных войсках і распрацоўка асноў маральна-псіхалагічнай падрыхтоўкі дэсантнікаў.
350-ы гвардзейскі парашутна-дэсантны Чырванасцяжны ордэна Суворава полк у ваенным асяроддзі называўся «Паўціннік». Афіцыйная дата фармавання 25 снежня 1944 года, але гісторыя пачынаецца яшчэ вясной 1933г. За ўзорнае выкананне баявых задач у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі полк у маі 1945 года быў узнагароджаны ордэнам Суворава III ступені. Пасля Вялікай Айчыннай вайны 114-я гвардзейская Чырванасцяжная Венская стралковая дывізія дыслакавалася ў Беларускай ваеннай акрузе. 357-ы і 350-ы гвардзейскія стралковыя палкі дыслакаваліся ў н.п.Баравуха-1.
357-ы гвардзейскі Чырванасцяжны ордэна Суворава 3-й ступені парашутна-дэсантны полк, сфарміраваны ў студзені 1945г., у сакавіку гэтага ж года выбіў немцаў з венгерскага г.Зарэз. У канцы Вялікай Айчыннай вайны полк эфектыўна ваяваў у Аўстрыі. За вызваленне Вены (16.02.1946) атрымаў ордэн Суворава III ступені. У жніўні 1946г. прынята рашэнне аб перафармаванні дывізіі, пасля чаго, ужо 357-ы полк, у складзе 103-й гв. вдд дыслакаваны ў Беларусь у раён станцыі Баравуха-1 Полацкага раёна, якая практычна з’яўлялася пунктам пастаяннай дыслакацыі часці да пачатку баявых дзеянняў у Афганістане. Падраздзяленне ў першых шэрагах уваходзіла і апошнім пакідала Афганістан.
1 ліпеня 2009 года Наваполацкі гарадскі выканаўчы камітэт прыняў рашэнне аб устанаўленні мемарыяльнай дошкі Герою Савецкага Саюза генералу арміі Маргелаву Васілю Філіповічу ў г.п.Баравуха-1.
На фота: рашэнне Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта «Аб устаноўцы мемарыяльнай дошкі» ад 01.07.2009 № 600; тэкст песні «Сінева», артыкул «Мужнасць, гонар і адвага!» газеты «Наваполацк сёння» ад 01.08.2025 № 61.
![]() |
