Заняткі па павышэнні кваліфікацыі работнікаў дзяржаўных архіўных устаноў
25–29 мая 2026 г. адбыліся курсы павышэння кваліфікацыі «Сучасныя падыходы да арганізацыі архіўнай справы ў Рэспубліцы Беларусь», арганізаваныя Дэпартаментам па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь сумесна з гістарычным факультэтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Лекцыі праводзілі выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, высокакваліфікаваныя спецыялісты рэспубліканскіх архіўных устаноў.
Праграма курсаў мела актуальную тэматыку і асвятляла пытанні дзейнасці дзяржаўных архіваў у галіне камплектавання, забеспячэння захаванасці, дзяржаўнага ўліку, выкарыстання архіўных дакументаў. Асаблівы акцэнт быў зроблены на асвятленні прымянення інтэрнэт-тэхналогій для пашырэння доступу да архіўных дакументаў, працы з электроннымі дакументамі, экспертызе каштоўнасці дакументаў і камплектаванню дзяржаўных архіваў з улікам змяненняў, унесеных у Закон Рэспублікі Беларусь ад 25 лістапада 2011 г. «Аб архіўнай справе і справаводстве», абноўленых падыходаў да распрацоўкі новага пераліку тыпавых дакументаў з указаннем тэрмінаў захоўвання, карэкціроўцы тэрміналогіі ў сферы архіўнай справы і справаводства ў сувязі з прыняццем новага дзяржаўнага стандарту Рэспублікі Беларусь 2059-2026.
26 мая 2026 г. слухачы курсаў змаглі азнаёміцца з работай па асноўных напрамках дзейнасці Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.
29 мая 2025 г. адбыўся круглы стол «Сучасныя выклікі і магчымасці ў галіне кіравання дакументамі і архіўнай справы», у якім прынялі ўдзел дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству А.Л.Воінаў, загадчык кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта доктар гістарычных навук прафесар С.М.Ходзін, дырэктар Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы кандыдат гістарычных навук дацэнт А.Я.Рыбакоў.
У сваім выступленні А.Л.Воінаў спыніўся на актуальных задачах, якія стаяць перад дзяржаўнымі архіўнымі ўстановамі: аптымізацыі дакументаўтварэння і дакументазвароту ў рэспубліканскіх органах дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органах для дасягнення мэт «нулявой бюракратыі», пераходу дзяржаўных архіваў да прыёму на пастаяннае захоўванне электронных дакументаў, актывізацыі пераходу архіўных устаноў да працэсу лічбавай трансфармацыі, неабходнасці ўкаранення тэхналогій штучнага інтэлекту ў архіўную справу, паскарэння тэмпаў аблічбоўвання асабліва каштоўных дакументаў і інш.
У завяршэнні курсаў адбылося ўручэнне слухачам па сведчанняў аб павышэнні кваліфікацыі ўстаноўленага ўзору.
![]() |
| Агульная фатаграфія ўдзельнікаў круглага стала |
