Віртуальная выстава «Ісак Любан: Мелодыі жыцця, што не згасаюць» на сайце БДАМЛМ

Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) падрыхтаваў віртуальную выставу «Ісак Любан: Мелодыі жыцця, што не згасаюць». Экспазіцыя прысвечана 120-гадоваму юбілею з дня нараджэння выдатнага беларускага кампазітара, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Ісака Ісакавіча Любана.

Ісак Любан пакінуў глыбокі след у гісторыі нацыянальнай музычнай культуры. Яго самабытныя творы, напоўненыя шчырасцю і народным каларытам, сталі сапраўднымі музычнымі сімваламі Беларусі, а знакамітая песня «Бывайце здаровы» набыла вялікую папулярнасць.

Віртуальная выстава прадстаўляе дакументы і матэрыялы з асабістага архіўнага фонду кампазітара, які захоўваецца ў БДАМЛМ. Наведвальнікі сайта змогуць азнаёміцца з нотнымі рукапісамі папулярных песень, фотаздымкамі розных перыядаў жыцця творцы, якія адлюстроўваюць яго творчы шлях і актыўную грамадскую дзейнасць.