Студэнты-архівісты наведалі БДАМЛМ

29 красавіка 2026 г. у рамках акцыі «Архівы – школе» у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) адбыўся семінар для студэнтаў трэцяга курса архіўнага аддзялення гістарычнага факультэта БДУ, прысвечаны выкарыстанню архіўных дакументаў у дзяржаўных архіўных установах. Семінар быў сумесна падрыхтаваны і праведзены Вольгай Сяргееўнай Івановай, дацэнтам кафедры крыніцазнаўства БДУ, і Таццянай Віктараўнай Кекелевай, вядучым архівістам аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў БДАМЛМ. Падчас семінара былі разгледжаны пытанні прадастаўлення дакументаў карыстальнікам для работы ў чытальнай зале, публікацыі дакументаў, арганізацыі інфармацыйных мерапрыемстваў, выстаў і экскурсій.

Найбольшую цікавасць студэнтаў архіўнага аддзялення выклікалі тэмы абслугоўвання чытальнай залы, адкрыцця выставак, работы са сродкамі масавай інфармацыі і экскурсантамі, паколькі яны прадугледжваюць непасрэдныя зносіны з карыстальнікамі, наяўнасць прафесійнага майстэрства і індывідуальнай адкрытасці архівіста. Студэнты прызналі, што праца ў аддзеле інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў БДАМЛМ пацвярджае важнасць для архівіста ўмення творча падыходзіць да сваіх абавязкаў. Т.В.Кекелева прадэманстравала прысутным сучасныя падыходы да арганізацыі віртуальных выставаў, у тым ліку створаных з дапамогай штучнага інтэлекту.

Пасля заканчэння семінара будучыя архівісты прынялі ўдзел у праглядзе і абмеркаванні дакументальнага фільма «Чарнобыль: хронікі трагедыі», падрыхтаванага БДАКФФД.

Супрацоўніцтва БДАМЛМ з архіўным аддзяленнем гістарычнага факультэта БДУ мае даўнія сталыя традыцыі. Сумесныя семінары на базе архіва-музея – важнае мерапрыемства, накіраванае на фарміраванне практычных кампетэнцый сярод тых, хто выбірае архіўную справу ў якасці сваёй далейшай прафесіі.

 

1. Студэнты-архівісты і іх выкладчыкі ў чытальнай зале БДАМЛМ
2. Т.В.Кекелева распавядае пра чытальную залу БДАМЛМ