Чарнобыль: ад адраджэння да ўстойлівага развіцця – Адзіны дзень інфармавання ў НГА Беларусі

25 красавіка 2026 года ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі адбыўся сход працоўнага калектыву, прымеркаваны да Міжнароднага дня памяці аб чарнобыльскай катастрофе. Сёлета памятныя мерапрыемствы праходзяць пад знакам 40-й гадавіны трагедыі на Чарнобыльскай АЭС, якая стала суровым выпрабаваннем для беларускага народа.

Мерапрыемства арганізавана ў рамках Адзінага дня інфармавання на тэму «Чарнобыль: ад адраджэння да ўстойлівага развіцця».

Сход адкрыла намеснік дырэктара архіва Наталія Булойчык, якая адзначыла, што за мінулыя сорак гадоў Беларусь прайшла беспрэцэдэнтны шлях ад ліквідацыі наступстваў аварыі да адраджэння і паўнацэннага развіцця пацярпелых тэрыторый.

Перад калегамі выступіў малады работнік – загадчык сектара біяграфічных запытаў, старшыня першаснай ячэйкі БРСМ Яўген Завадскі. У сваім дакладзе і тэматычнай прэзентацыі ён прадставіў дэталёвую храналогію падзей саракагадовай даўніны, расказаў пра мужнасць ліквідатараў і асвятліў сучасныя дасягненні краіны ў забеспячэнні радыяцыйнай бяспекі і экалагічным маніторынгу.

Праграму завяршыў прагляд дакументальнага фільма «Чарнобыль: хроніка трагедыі», падрыхтаванага Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў. Унікальныя кадры кінахронікі, якія захавалі гераічную барацьбу з нябачным ворагам у першыя месяцы пасля аварыі, дазволілі глыбей усвядоміць маштаб подзвігу народа.

Мерапрыемства, прымеркаванае да 40-годдзя з дня трагедыі, стала важным этапам у грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі і падкрэсліла важнасць захавання праўды пра тыя падзеі, як пра наш агульны абавязак перад будучымі пакаленнямі.

 

1. Выступленне намесніка дырэктара архіва Наталіі Булойчык
2. Выступленне загадчыка сектара біяграфічных запытаў Яўгена Завадскага
3. Выступленне загадчыка сектара біяграфічных запытаў Яўгена Завадскага
4. Калектыў НГА Беларусі
5. Кадры дакументальнага фільма «Чарнобыль: хронікі трагедыі», падрыхтаванага БДАКФФД