Да Года беларускай жанчыны Занальны дзяржаўны архіў у г.Рэчыцы прадстаўляе дакумент аб партызанцы Вялікай Айчыннай вайны Антаніне Казачук

Антаніна Пятроўна Казачук (1908-2001) нарадзілася ў Чарнігаўскай вобласці Украіны. У далейшым пераехала ў горад Хойнікі, дзе працавала медсястрой у бальніцы і сустрэла мужа Яўгена Казачука. У пары нарадзіліся сын і дзве дачкі.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Яўген Казачук быў накіраваны ў акупіраваныя Хойнікі для стварэння падпольнай патрыятычнай арганізацыі, у якой Антаніна служыла сувязной, а малалетні сын Рэм дапамагаў бацькам. У чэрвені 1943 года, калі ўзнікла пагроза смерці, сям’я падалася ў партызанскі атрад, дзе Антаніна аказвала медыцынскую дапамогу параненым і хворым і займалася гаспадарчымі справамі. У жніўні 1943 года яна страціла мужа, а ў лістападзе вярнулася ў вызваленыя Хойнікі і жыла там да глыбокай старасці. Адна вырасціла траіх дзяцей, шмат гадоў працавала загадчыцай раённай бібліятэкі.

У цяперашні час асабістыя дакументы Антаніны Пятроўны захоўваюцца ў Занальным дзяржаўным архіве ў г.Рэчыцы ў фондзе сям’і Казачук. Сярод іх – пісьмо дырэктара музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ад 29 студзеня 1971 года (Ф. 698. Воп. 1. Спр. 15. Арк. 1) са словамі падзякі за тое, што жанчына перадала ў калекцыю музея свой ордэн Айчыннай вайны II ступені і коўдру з партызанскага атраду.

 

1. Антаніна Пятроўна Казачук (у цэнтры) – загадчыца Хойніцкай раённай бібліятэкі. 1950-я гг.
2. ЗДАРэч. Ф. 698. Воп. 1. Спр. 15. Арк. 1