Аб правядзенні ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь заняткаў для слухачоў Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі

20 лютага 2026 года ў рамках акцыі «Архівы – школе» на базе Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (далей – НАРБ) былі праведзены навучальныя заняткі для слухачоў Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі.

З прывітальным словам да работнікаў устаноў адукацыі г.Мінска звярнуўся намеснік дырэктара НАРБ к.г.н. С.В.Кулінок. Святаслаў Валянцінавіч расказаў аб структуры архіўнай галіны Рэспублікі Беларусь і аб асноўных напрамках дзейнасці архіваў на сучасным этапе. Таксама ў сваім выступленні ён падкрэсліў значнасць узаемадзеяння архіваў і адукацыйных устаноў ва ўмацаванні метадычнай і тэарэтыка-педагагічнай базы.

Загадчык аддзела фондаў асабістага паходжання НАРБ І.У.Дарагуш правяла заняткі на тэму «Архівы – сховішча гістарычнай памяці». Інэса Уладзіміраўна расказала пра гісторыю архіва, склад і асаблівасці захоўвання дакументаў, работу архіва ў галіне публікацыйнай і выставачнай дзейнасці, а таксама аб магчымасцi выкарыстання архіўных дакументаў у напісанні конкурсных даследчых работ і пры падрыхтоўцы праектаў з выкарыстаннем штучнага інтэлекту. Падчас правядзення лекцыі асаблівая ўвага была ўдзелена рабоце НАРБ у рэалізацыі акцыі «Архівы – школе». Дарагуш І.У. расказала аб мерапрыемствах, якія праводзяцца архівам для школьнікаў і работнікаў устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь, адказала на пытанні.

У рамках мерапрыемства, для настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства быў арганізаваны прагляд відэаролiка НАРБ «Мы помним…». Таксама Дарагуш І.У. правяла гутарку па гісторыі партызанскага руху і азнаёміла з асабістымі справамі каманднага складу партызанскіх атрадаў і брыгад, узнагароднымі лістамі, фатаграфіямі і іншымі дакументамі.

Пасля заняткаў слухачы наведалі архівасховішча фондаў асабістага паходжання, дзе азнаёміліся з дакументамі з асабістых архіваў дзяржаўных, партыйных і грамадскіх дзеячаў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

Правядзенне адукацыйных мерапрыемстваў для школьнікаў і педагогаў у дзяржаўных архівах Беларусі з выкарыстаннем архіўных дакументаў садзейнічае распрацоўцы і ўкараненню новых методык у адукацыйны працэс і новых напрамкаў работы дзяржаўных архіўных устаноў нашай рэспублікі.

 

1. Намеснік дырэктара НАРБ С.В.Кулінок выступае перад педагогамі ўстаноў адукацыі г.Мінска
2. Педагогі ўстаноў адукацыі г.Мінска падчас правядзення навучальных заняткаў у НАРБ
3. Загадчык аддзела фондаў асабістага паходжання НАРБ І.У.Дарагуш праводзіць навучальныя заняткi
4. Педагогі ўстаноў адукацыі г.Мінска падчас прагляду відэаролiка
5. Загадчык аддзела фондаў асабістага паходжання I.У.Дарагуш азнаёмлівае педагогаў устаноў адукацыі г.Мінска з дакументамі партызанскіх фарміраванняў
6. Педагогі ўстаноў адукацыі г.Мінска падчас наведвання архівасховішча фондаў асабістага паходжання