Турыстычная паездка работнікаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі на Палессе
У апошнія восеньскія выхадныя работнікі НГА Беларусі ў складзе вялікай экскурсійнай групы здзейснілі займальную экскурсію па сталіцы беларускага Палесся гораду Пінску і азнаёміліся з рамеснымі традыцыямі і народнай культурай палешукоў у аграгарадку Моталь. Паездка арганізавана Мінскай гарадской арганізацыяй Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў.
Пінск – старажытны горад, размешчаны сярод цудоўных ландшафтаў рэк Піны і Прыпяці. Горад вядомы з 1097 года. Па захаванасці архітэктурных помнікаў ён займае другое месца ў Беларусі пасля Гродна. Аблічча цэнтра горада фарміруюць каменныя збудаванні, узведзеныя ў XVII-XVIII стст. – ансамбль старажытнага францысканскага манастыра; кафедральны сабор з вытанчаным дэкорам фасада і цудоўным арганам; скульптурныя формы езуіцкага калегіума.
Экскурсія пачалася з плошчы перад будынкам Езуіцкага калегіума і працягнулася ва ўнутраным дворыку ля ўваходу ў Музей Беларускага Палесся.
![]() |
| 1. Будынак Езуіцкага калегіума ў Пінску |
![]() |
| 2. На плошчы Леніна |
![]() |
| 3. Ля Музея Беларускага Палесся |
![]() |
| 4. Агляд даваеннага трактара СХТЗ-15/30 – аднаго з экспанатаў Музея Беларускага Палесся |
У гістарычным цэнтры горада, каля гарадскога парку, паўнаводная рака Піна і адна з найбуйнейшых рэк Беларусі Прыпяць эфектна злучаюцца і падзяляюцца зноў.
Экскурсійная група прагулялася па маляўнічай набярэжнай.
![]() |
| 5. Ля набярэжнай |
![]() |
| 6. Мост праз раку Піна |
![]() |
| 7. Прагулка па набярэжнай |
Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі – адна з галоўных славутасцяў Пінска і важная каталіцкая святыня Беларусі, пабудаваная ў стылі барока ў 1706–1730 гадах. На алтарных сценах храма можна знайсці ўнікальныя фрэскі – «Пакланенне вешчуноў» і «Пінскую мадону» пэндзля Альфрэда Рэмера. Невялікую экскурсію па касцёле правёў для гасцей айцец Ануфрый, манах Ордэна Святога Паўла Першага Пустэльніка.
Ўнутранае ўбранне храма і гук аргана нікога не пакінулі абыякавым.
![]() |
| 8. Ля ўваходу ў касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі |
![]() |
| 9. Агляд касцёла |
![]() |
| 10. Інтэр’ер касцёла |
![]() |
| 11. Пад скляпеннямі касцёла |
![]() |
| 12. Работнікі НГА Беларусі ля алтарнай часткі касцёла |
![]() |
| 13. Арган у касцёле |
Самая старажытная вуліца Пінска, першапачаткова вядомая пад мноствам назваў (вялікая Спаская, вялікая Францысканская, вялікая Кіеўская, Касцюшкі), з 1939 года называецца вуліцай Леніна. Яна заўсёды была цэнтрам гарадскога жыцця, дзе размяшчаліся лепшыя дамы, банкі, крамы і гасцініцы. Кожны будынак на вуліцы з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю з узорамі архітэктуры канца XIX – пачатку XX стагоддзя.
Наша група з задавальненнем прайшлася па старадаўняй вуліцы. Кожны спрабаваў захаваць сябе на фоне славутасцяў гэтага ўтульнага і гасціннага горада.
![]() |
| 14. Палац Матэвуша Бутрымовіча. У цяперашні час – аддзел ЗАГС Пінскага гарвыканкама |
![]() |
| 15. У кляштара францысканцаў |
![]() |
| 16. Кіраўніцтва НГА Беларусі |
![]() |
| 17. Калектыў НГА Беларусі |
Дарэчы, у самым цэнтры пешаходнай вуліцы размяшчаецца ўтульная пякарня, у якой можна паспрабаваць не што іншае, а самыя сапраўдныя чэшскія булачкі з здобнага тэсту з духмянай абсыпкай з карыцы, арэхаў і цукру – трдэльнік (або трдло).
![]() |
| 18. Кавярня «ТРДЛО» |
![]() |
| 19. Смачны трдэльнік |
Захапляльнай часткай падарожжа стала знаёмства з галоўнай турыстычнай «жамчужынай» Іванаўскага раёна – рэгіянальным музеем народнай творчасці ў мястэчку Моталь. Менавіта тут жыў першы прэзідэнт дзяржавы Ізраіль Хаім Вейцман. А яшчэ Моталь называюць кулінарнай сталіцай Палесся. У мясцовым музеі народнай творчасці сабраны ўнікальныя экспанаты, выстаўленыя ў тэматычных экспазіцыях па гісторыі мястэчка, яго рамёствах, вопратцы, абрадах, народных традыцыях і г. д.
Экскурсія па музеі і канцэртна-абрадавая праграма «Жывы гук» дазволілі пагрузіцца ў своеасаблівую культуру палешукоў, а багатая дэгустацыя «Мотальскія прысмакі» ўзмацніла гэтыя ўражанні.
![]() |
| 20. У Мотальскім музеі народнай творчасці |
![]() |
| 21. Агляд экспазіцыі музея |
![]() |
| 22. Макет ткацкага станка |
![]() |
| 23. Канцэртна-абрадавая праграма «Жывы гук» |
Знаёмства з багатай культурнай спадчынай і цудоўнымі краявідамі Палесся пакінула незабыўныя ўражанні і зарадзіла бадзёрасцю і аптымізмам.






















