Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваў віртуальную выставу да 100-годдзя з дня нараджэння Тоўсціка Аркадзя Апанасавіча

15 лістапада 2025 года спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Тоўсціка Аркадзя Апанасавіча – партыйнага і грамадскага дзеяча, старшыні праўлення Саюза журналістаў БССР, адказнага сакратара ЦК ЛКСМБ, галоўнага рэдактара газеты «Звязда», заслужанага работніка культуры БССР, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны.

Тоўсцік Аркадзь Апанасавіч нарадзіўся 15 лістапада 1925 года ў вёсцы Чыкілі Глускага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і селяніна. У 1941 годзе скончыў Глускую сярэднюю школу. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны прымаў удзел у партызанскім руху – быў сувязным партызанскага атрада імя Арджанікідзэ 37-й партызанскай брыгады імя Пархоменкі Мінскага злучэння (чэрвень 1942 – ліпень 1944 гг.). З ліпеня 1944 па май 1950 года праходзіў службу ва ўнутраных войсках НКУС – МДБ СССР.

Пасля дэмабілізацыі працаваў інструктарам Бабруйскага абкама камсамола, першым сакратаром Чырвонаслабодскага райкама ЛКСМБ, а з 1952 года – адказным сакратаром ЦК ЛКСМБ. У 1954 годзе скончыў Бабруйскі настаўніцкі інстытут і паступіў на філалагічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педінстытута імя А.М. Горкага, які скончыў у 1957 годзе. З 1953 па 1960 год працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена» спачатку загадчыкам аддзела, затым намеснікам рэдактара. З мая 1960 года Толсцік А.А. на партыйнай рабоце – інструктар аддзела прапаганды і агітацыі, загадчык сектара друку, выдавецтваў і паліграфіі, намеснік загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПБ. З сакавіка 1973 па кастрычнік 1986 года працаваў рэдактарам рэспубліканскай газеты «Звязда». На працягу 1975 – 1985 гадоў быў абраны дэпутатам ВС БССР дзевятага, дзесятага і адзінаццатага скліканняў. З 1973 па 1987 год Тоўсцік А.А. быў старшынёй праўлення Саюза журналістаў БССР. У якасці дэлегата ад Беларускай ССР у 1974 годзе ён ўдзельнічаў у працы ХХІХ сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

Пасля выхаду на пенсію, у 1987 годзе, Тоўсцік А.А. быў запрошаны на працу ў Беларускі фонд культуры. За заслугі перад Радзімай Тоўсцік А.А. узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, двума ордэнамі «Знак Пашаны», а таксама 12 медалямі, у тым ліку медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі», 5 ганаровымі граматамі і граматай Вярхоўнага Савета БССР. У 1980, 1985 гадах ён быў адзначаны медалямі імя Юліуса Фучыка Міжнароднай арганізацыі журналістаў (МАЖ). У 1979 годзе Толсціку А.А. было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР».

Віртуальная выстава падрыхтавана супрацоўнікамі аддзела фондаў асабістага паходжання Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.

Азнаёміцца з вiртуальнай выставай можна па спасылцы.