Работнікі БДАМЛМ прынялі ўдзел у «Каласавінах». Ушанавалі памяць Якуба Коласа на Стаўбцоўшчыне
1 лістапада 2025 года ў 143-ю гадавіну з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа Стаўбцоўшчына традыцыйна сабрала аматараў творчасці вялікага класіка на штогадовае свята «Каласавіны». У ліку ганаровых гасцей і актыўных удзельнікаў мерапрыемстваў былі работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) на чале з дырэктарам А.А.Макаранка.
Урачыстыя мерапрыемствы па ўшанаванні выбітнага пісьменніка пачаліся з ускладання кветак да помніка Якубу Коласу ў Стоўбцах. Тут, на цэнтральнай плошчы горада, жыхары і шматлікія госці, якія прыехалі ўшанаваць памяць класіка, выступілі перад прысутнымі, каб яшчэ раз нагадаць пра неацэнны ўклад беларускага песняра ў нацыянальную культуру і падкрэсліць важнасць захавання яго літаратурнай і духоўнай спадчыны для будучых пакаленняў.
Перад прысутнымі выступіла А.А.Макаранка. Яна акцэнтавала ўвагу на ролі архіўных устаноў у беражлівым захаванні дакументаў – рукапісаў, лістоў, фатаграфій, якія з’яўляюцца жывымі сведкамі цэлай эпохі і творчага шляху Якуба Коласа.
Пасля ўскладання кветак удзельнікі «Каласавін» працягнулі сваё падарожжа па знакавых месцах коласаўскай зямлі. Адбылася экскурсія па мемарыяльным музеі-сядзібе «Акінчыцы», дзе прайшлі раннія гады паэта, а таксама па мемарыяльнай сядзібе «Альбуць» – месцы, якое натхніла яго на стварэнне многіх вядомых твораў. Напрыканцы маршруту па месцах памяці, удзельнікі ўсклалі кветкі да бюста Якуба Коласа ў вёсцы Мікалаеўшчына.
Прыемным завяршэннем святочнага дня стаў фестываль «З музыкай да Коласа», які прайшоў у Старасвержанскім цэнтры культуры.
Удзел работнікаў БДАМЛМ у «Каласавінах» стаў пацвярджэннем павагі да спадчыны Якуба Коласа і імкнення архіва-музея актыўна ўдзельнічаць у папулярызацыі беларускай літаратуры. Менавіта дзякуючы плённаму супрацоўніцтву архівістаў і музейшчыкаў мы можам зберагчы і перадаць неацэнную памяць наступным пакаленням.
![]() |
| 1. Удзельнікі свята «Каласавіны» |
![]() |
| 2. Выступленне А.А.Макаранка |
![]() |
| 3. Падчас ускладання кветак да помніка Якубу Коласу ў Стоўбцах |
![]() |
| 4. Работнікі БДАМЛМ на цырымоніі ўскладання кветак у Стоўбцах |
![]() |
| 5. Ускладанне кветак да бюста Якуба Коласа ў вёсцы Мікалаеўшчына |
![]() |
| 6. Падчас выступлення народнага ансамбля «Дольніца» |





