Віртуальная выстава «Брэсцкая крэпасць. Памяць свяшчэнна…»

Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» – адзін з найбольш вядомых і наведваемых турыстычных аб’ектаў Рэспублікі Беларусь.

Адкрыты 25 верасня 1971 года. У адзіным ансамблі тут аб’яднаны месцы баёў, руіны, збудаванні крэпасці, скульптурныя кампазіцыі і музейныя экспазіцыі: Музей абароны Брэсцкай крэпасці (1956), «Музей вайны – тэрыторыя міру» (2014), «Летапіс Брэсцкай крэпасці» (2019), «Абарона Усходняга форта» (2020). У філіяле «Музей 5 форт» – экспазіцыя «Форт № 5 Брэсцкай крэпасці» (2021).

1 лістапада 1965 года ў Брэсцкім абласным драматычным тэатры імя Ленінскага камсамола Беларусі адбылося ўрачыстае ўручэнне Брэсцкай крэпасці ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка».

На цырымоніі прысутнічалі дэлегацыі ЦК КПСС, ЦК КПБ на чале з П.М.Машэравым, кіраўнік і члены ўрада БССР, прадстаўнікі ваенных – дэлегацыі Міністэрства абароны СССР (яе ўзначальваў Маршал Савецкага Саюза I.Х.Баграмян) і Беларускай ваеннай акругі, прадстаўнікі гарадоў-герояў, абласцей рэспублікі і горада Мінска, абаронцы Брэсцкай крэпасці, прадстаўнікі воінскіх часцей, якія вызвалялі Брэст у ліпені 1944 года.

Брэсцкая крэпасць мае вялікае значэнне i як сімвал мужнасці і гераізму, асабліва за гераічную абарону ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны, і як важны гістарычны і мемарыяльны комплекс. Яна стала першай крэпасцю, якая прыняла на сябе ўдар нямецка-фашысцкіх захопнікаў 22 чэрвеня 1941 года і трымала абарону больш за месяц, што замарудзіла прасоўванне ворага і стала прыкладам для ўсяго свету.

Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваў віртуальную выставу архіўных дакументаў, прымеркаваную да 60-годдзя ўручэння Брэсцкай крэпасці-герою ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка», з якой вы можаце азнаёміцца па спасылцы.

 

1.Тытульная старонка віртуальнай выставы