Сумеснае пасяджэнне калегій Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і Федэральнага архіўнага агенцтва Расійскай Федэрацыі
У г.Гомелі 1 кастрычніка 2025 г. адкрыўся форум кіраўнікоў дзяржаўных архіўных службаў і архіўных устаноў Беларусі і Расіі.
Двухдзённы дыялог накіраваны на пашырэнне супрацоўніцтва абедзвюх краін, каардынацыю сумеснай дзейнасці, аб’яднанне намаганняў дзеля захавання гістарыка-дакументальнай спадчыны, умацавання культурна-гуманітарных сувязяў.
Перад пачаткам форума старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Іванавіч Крупко сустрэўся з дырэктарам Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Алегам Леанідавічам Воінавым і статс-сакратаром — намеснікам кіраўніка Федэральнага архіўнага агенцтва Андрэем Віктаравічам Юрасавым. На сустрэчы былі абмеркаваны пытанні вядзення архіўнай справы і справаводства ў дзвюх краінах, а таксама адзначаны перспектывы супрацоўніцтва паміж архіўнымі ведамствамі.
Сумеснае пасяджэнне калегій Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і Федэральнага архіўнага агенцтва Расійскай Федэрацыі адкрылі дырэктар Дэпартамента А.Л. Воінаў і статс-сакратар — намеснік кіраўніка Расархіва А.В. Юрасаў.
У ключавым пытанні парадку дня былі разгледжаны праблемы і перспектывы працы з электроннымі дакументамі. З дакладамі выступілі дырэктар Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы Андрэй Яўгенавіч Рыбакоў і дырэктар Усярасійскага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы Павел Аляксеевіч Кюнг.Дакладчыкі адзначылі, што за апошнія гады ў абедзвюх дзяржавах праведзена значная праца ў гэтым важным напрамку. Назіраецца актыўная дынаміка паступлення ў архіў электронных дакументаў. У той жа час асноўны аб’ём прынятых электронных дакументаў прадстаўлены аўдыявізуальнымі матэрыяламі.
Статс-сакратар — намеснік кіраўніка Расархіва Андрэй Віктаравіч Юрасаў адзначыў працу беларускіх калег па выкарыстанні архіўных дакументаў, звязаных з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны. Ён падкрэсліў, што ўсе такія праекты працуюць на нашу агульную гістарычную памяць.
У ходзе пасяджэння быў адабраны праект Плана сумесных дзеянняў Дэпартамента па архівах і справаводстве і Федэральнага архіўнага агенцтва на 2026–2028 гг.
Па завяршэнні работы калегій А.Л. Воінаў адзначыў, што сумеснае пасяджэнне пацвердзіла высокі ўзровень узаемадзеяння архіўных службаў Беларусі і Расіі і стала важнай пляцоўкай для абмеркавання стратэгічных задач ва ўмовах лічбавай трансфармацыі архіўнай справы.
Форум працягне сваю работу 2 кастрычніка 2025 г. у г.Рэчыцы.
![]() |
![]() |
| 1–2. Сустрэча старшыні аблвыканкама Івана Іванавіча Крупко з дырэктарам Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Беларусі Алегам Леанідавічам Воінавым і намеснікам кіраўніка Федэральнага архіўнага агенцтва Расіі Андрэем Віктаравічам Юрасавым. |
![]() |
![]() |
![]() |
| 3–5. Сумеснае пасяджэнне калегій Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і Федэральнага архіўнага агенцтва Расійскай Федэрацыі. |




