Знакамiтыя людзі Беларусі: супрацоўнікі Занальнага дзяржаўнага архіва ў г.Маладзечна падрыхтавалі віртуальную выставу, прымеркаваную да 95-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Міхайлавіча Калачыка

Супрацоўнікі Занальнага дзяржаўнага архіва ў г.Маладзечна падрыхтавалі віртуальную выставу, прысвечаную Уладзіміру Міхайлавічу Калачыку – сімвалу цэлай эпохі, кандыдату эканамічных навук, таленавітаму аграрыю і кіраўніку. Яму першаму ў 2000 г.было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Маладзечанскага раёна».

Калачык Уладзімір Міхайлавіч нарадзіўся 24 ліпеня 1930 г.у в.Мароські Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці. З 1937 г.па 1944 г.вучыўся ў Мараськоўскай пачатковай і Лебедзеўскай сярэдняй школах. У 1950 г.уступіў у калгас ім. Варашылава. У маі 1957 г.бюро РК ЛКСМБ рэкамендавала Уладзіміра Міхайлавіча на пасаду старшыні тады яшчэ слабога калгаса «Светлы шлях» Маладзечанскага раёна Маладзечанскай вобласці, дзе ён прапрацаваў да лютага 1988 г.За час яго кіраўніцтва калгас стаў адным з лепшых.

Указам Прэзідыума Вярхоўнай Рады СССР ад 30 красавіка 1966 г.Уладзіміру Міхайлавічу было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».

У 1969 г.абраны членам Савета і членам Прэзідыума Саюзнага Савета калгаснікаў, таксама неаднаразова абіраўся дэпутатам абласнога, раённага і сельскага Саветаў.

Уладзімір Калачык – чалавек, які імкнуўся палепшыць жыццё простых людзей. За час працы ў калгасе намаганнямі Уладзіміра Міхайлавіча з’явіліся адна сярэдняя і дзве пачатковыя школы, яслі-сад, тры бібліятэкі, Дом культуры са стацыянарнай кінаўстаноўкай, два клубы, паліклініка, гасцініца, гандлёвы цэнтр, рэстаран, дзве крамы, лазня і камбінат бытавога абслугоўвання. А вёскі Заскавічы і Турэц-Баяры, якія забудоўваліся па генеральным плане, ператварыліся ў сучасныя добраўпарадкаваныя сельскія паселішчы. Таксама дзякуючы яму былі пабудаваны храмы ў вёсках Беніца, Мароські і Заскавічы.

Напярэдадні Дня народнай еднасці ў 2023 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі Уладзіміру Міхайлавічу Калачыку на будынку Лебедзеўскай сярэдняй школы Маладзечанскага раёна, якая носіць яго імя.