Удзел БДАМЛМ у семінары «Пад знакам Перамогі: асобы, архівы, дакументальныя сведчанні»

8 мая 2025 г. Дзмітрый Самахвалаў, вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей БДАМЛМ) прыняў удзел у семінары «Пад знакам Перамогі: асобы, архівы, дакументальныя сведчанні», які адбыўся на платформе Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і быў прысвечаны 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Семінар быў араганізаваны як супольнае мерапрыемства акадэмічнай бібліятэкі і навукова-метадычнага часопіса «Роднае слова». БДАМЛМ актыўна супрацоўнічае з абедзьвумя ўстановамі. Наталля Шапран, галоўны рэдактар часопіса «Роднае слова» азнаёміла ўдзельнікаў мерапрыемства з супольнымі медыйнымі праектамі 2025 года, у тым лікам з праектам «Асоба на архіўных старонках», супольным з БДАМЛМ. Ён прысвечаны 65-годдзю архива-музея і апавядае пра ўнікальныя архіўныя дакументы вядомых дзеячоў беларускай літаратуры, што зберагаюцца ў яго фондах.

Дзмітрый Самахвалаў у сваім выступленні ахарактарызаваў спецыфіку рэпрэзентацыі некаторых дакументаў, у тым ліку дадатковую публікуемую інфармацыю, якая павінна дапамагчы чытачам часопіса «Роднае слова» асвоіць эўрыстычныя прыёмы архіўнай працы. Важнай часткай праекта з’яўляецца прадстаўленне матэрыялаў пісьменнікаў-франтавікоў. На прыкладзе дакументальнай спадчыны паэта, падпольшчыка і партызана Валянціна Таўлая ён прадэманстраваў магчымасці вывучэння ментальнасці і ўспрымання эпохі з дапамогай аналіза правак у захаваных рукапісах.

Семінар прайшоў у фармаце ажыўленага абмеркавання — са шчырай заццікаўленасцю, свабоднай дыскусіяй і планамі па далейшым супрацоўніцтве.

Фота прадстаўлены сайтам Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

 

1. Спікеры семінара
2. Н.Шапран прадстаўляе супольныя медыйныя праекты
3. Д.Самахвалаў апавядае пра асаблівасці працы з архіўнымі дакументамі