Удзел БДАМЛМ у Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Румянцаўскія чытанні – 2025»

24 красавіка 2025 года дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) А.А.Макаранка прыняла ўдзел у фармаце анлайн у Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Румянцаўскія чытанні — 2025», арганізаванай Расійскай дзяржаўнай бібліятэкай 22-24 красавіка 2025 года ў Маскве.

Мэта канферэнцыі — прыцягненне ўвагі да пытанняў захавання і вывучэння сусветнай культурнай спадчыны, а таксама да праблем функцыянавання бібліятэк на сучасным гістарычным этапе, пошук перспектыўных шляхоў развіцця, пашырэнне міжкультурнага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва паміж установамі культуры, адукацыі і навукі.

Упершыню ў рамках Румянцаўскіх чытанняў была праведзена спецыяльная сесія бібліятэк краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў, прымеркаваная да 80-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. На ёй былі разгледжаны пытанні захавання агульнай гістарычнай памяці, раскрыцця і папулярызацыі найбагацейшых архіўных матэрыялаў ваенных гадоў з фондаў бібліятэк СНД.

У рамках секцыі «Збіральнікі, даследчыкі, захавальнікі. Бібліятэкі і музеі ў кантэксце гісторыі» А.А. Макаранка выступіла з дакладам «Дакументы сябра «румянцаўскага гуртка» І.І.Грыгаровіча ў БДАМЛМ як крыніца па гісторыі беларускай археаграфіі», у якім падкрэсліла значны ўклад дзяржаўнага дзеяча Расіі, заступніка і арганізатара археаграфічных пошукаў графа М.П.Румянцава ў развіццё беларускай археаграфіі.

У канферэнцыі прынялі ўдзел спецыялісты бібліятэк, архіваў, музеяў, ВНУ, навукова-даследчых інстытутаў, выдавецтваў, прадстаўнікі дзяржаўных структур і грамадскіх арганізацый.

На фота: А.А.Макаранка падчас выступу