Выставачны праект, прымеркаваны да Дня прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці
10 сакавіка 2025 года ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці, філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея, Рэспублікі Беларусь, адкрыўся выставачны праект, прымеркаваны да Дня прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Канстытуцыя – асноўны закон дзяржавы. Да ліку галоўных прынцыпаў, замацаваных у Канстытуцыі нашай дзяржавы, адносіцца: вяршэнства права; гарантыя і захаванне правоў чалавека і грамадзяніна; дэмакратычны парадак фарміравання органаў улады. Канстытуцыя ўвасобіла ў сабе гістарычны вопыт фарміравання прававой сістэмы і станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Яна грунтуецца на неад’емным суверэнным праве беларускага народа самастойна вызначаць свой лёс і быць паўнапраўным суб’ектам сусветнай супольнасці.
27 лютага 2022 года ў нашай краіне адбыўся рэспубліканскі рэферэндум па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. За прыняцце рашэння па вынесеным на рэферэндум пытанні прагаласавала 82,86% грамадзян, гэта значыць большасць грамадзян, унесеных у спісы для галасавання.
Выставачны праект, прысвечаны Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, адлюстроўвае храналогію станаўлення канстытуцыйных асноў у Беларусі, распавядае аб ходзе падрыхтоўкі і прыняцця Канстытуцыі 1994 года, унясенні ў яе змяненняў і дапаўненняў у сувязі са імкліва зменяючыміся палітычнымі, сацыяльна-эканамічнымі і культурнымі рэаліямі.
Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь прадставіў на выставе: копіі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь розных гадоў; Закон Рэспублікі Беларусь ад 15 сакавіка 1994 года «Аб парадку ўступлення ў сілу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь»; пратаколы пасяджэння рабочай групы Канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета БССР; пастанову Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь «Аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму ў Рэспубліцы Беларусь і мерах па яго забеспячэнні»; пратаколы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў і інш. дакументы.
У экспазіцыі таксама прадстаўлены друкаваныя выданні са збору Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь і матэрыялы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Госці выставы змаглі азнаёміцца з дакументамі, якія адлюстроўваюць дзейнасць Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь. Выстава падрабязна раскрывае асноўныя палажэнні дзеючай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, яе ролю і месца ў сістэме дзяржаўнага ладу краіны.
![]() |
1. Афіша выставы |
![]() |
2. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь |
![]() |
3. Дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь на выставе |
![]() |
4. Дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь на выставе |
![]() |
5. Архіўныя дакументы на выставе ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці |
![]() |
6. Архіўныя дакументы на выставе ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці |