Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь напярэдадні Дня Перамогі арганізаваны і праведзены прэм’ерны паказ дакументальнага фільма «Вызваленне»

«Пакуль мы будзем ствараць фільмы, пісаць кнігі…,
пакуль у навучальных праграмах школ і нашых ВНУ
гэтая тэма будзе асветлена абсалютна сумленна і шчыра,
датуль мы памяць аб вайне не страцім»

Аляксандр Лукашэнка

 

3 мая 2024 года, напярэдадні дзяржаўнага свята – Дня Перамогі ў горадзе Мінску ў актавай зале Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз (вул. Валадарскага, 2А) Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь арганізаваны прэм’ерны паказ дакументальнага фільма «Вызваленне».

Дэманстрацыя дакументальнага фільма таксама прайшла ў абласных цэнтрах і 16 гарадах Рэспублікі Беларусь. Адказнымі за арганізацыю прэм’ерных паказаў фільма ў рэгіёнах выступілі галоўныя ўпраўленні юстыцыі і дзяржаўныя архівы Рэспублікі Беларусь.

Фільм створаны Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў з удзелам Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь у рамках праекта «Адкрыты кінаархіў. Гэты дзень мы набліжалі як маглі».

Дакументальны матэрыял, прадстаўлены ў фільме, унікальны па сваім змесце. У дакументальным фільме дэманструюцца кадры кіналетапісу, якія раней не выкарыстоўваліся і не публікаваліся. Сёння яны ўпершыню даступны шырокай аўдыторыі.

Гэта неацэнныя гістарычныя сведчанні, якія праўдзіва і бесстаронне ажыўляюць падзеі, якія адбываліся 80 гадоў таму. За хранікальнымі кадрамі стаіць жыццё савецкіх франтавых аператараў…. з 258 загінуў кожны трэці.

Створаны дакументальны фільм – даніна памяці героям Вялікай Айчыннай вайны.

На адкрыцці мерапрыемства з прывітальным словам выступілі Міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь Каваленка А.І. і намеснік Старшыні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь Лашын А.М.

У сваім прывітальным слове Міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь Каваленка А.І. адзначыў, што фундаментальныя выдавецкія праекты Міністэрства юстыцыі «Без тэрміна даўнасці. Беларусь» і «Архівы. Нічога, акрамя праўды» з’яўляюцца кнігамі памяці ахвярам генацыду беларускага народа.

Беларускія архівісты і зараз працягваюць працу па выяўленні малавядомых фактаў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, якія стануць асновай новых праектаў.

Яўген Іосіфавіч падкрэсліў, што наш абавязак – захаваць для будучых пакаленняў беларусаў гістарычную праўду аб гераізме і подзвігу савецкіх салдат і афіцэраў, партызан і падпольшчыкаў, працаўнікоў тылу, якія выратавалі свет ад фашызму.

Намеснік Старшыні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь Лашын А.М. адзначыў, што створаны дакументальны фільм паказвае, якім коштам дасталася вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Памяць аб Вялікай Айчыннай вайне павінна перадавацца з пакалення ў пакаленне.

Таксама Аляксандр Міхайлавіч выказаў словы падзякі стваральнікам фільма.

Перад прысутнымі з дакладам на тэму «Партызаны ў аперацыі «Баграціён» выступіў намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Кулінок С.У.

Аб стварэнні дакументальнага фільма «Вызваленне» распавёў дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў Ганчар А.М.

У фае Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз таксама прадстаўлена для агляду банэрная выстава «Выстаялі і перамаглі» і дакументальная выстава, прысвечаная 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

 

1. Міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь Я.І.Каваленка
2. Міністр юстыцыі Я.І.Каваленка і дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству А.Л.Воінаў
3. Выступленне намесніка Старшыні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз А.М.Лашына
4. У час даклада намесніка дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь С.У.Кулінка
5. Падчас выступлення дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў А.М.Ганчара
6. Удзельнікі прэм’ернага паказу дакументальнага фільма Вызваленне
7. Удзельнікі прэм’ернага паказу дакументальнага фільма Вызваленне
8. Загадчык аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі знаёміць з выставай удзельнікаў мерапрыемства