4 кастрычніка 2023 г. у Беларускім дзяржаўным архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі пачала сваю працу стацыянарная выстава «Беларуская архітэктура ў асобах», прысвечаная тром беларускім архітэктарам – А. Б. Маркар’яну, Ю.В. Шпіту, І.І. Боўту

4 кастрычніка 2023 г., напярэдадні святкавання Дня архівіста, у Беларускім дзяржаўным архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі пачала сваю працу стацыянарная выстава «Беларуская архітэктура ў асобах», прысвечаная тром беларускім архітэктарам – А. Б. Маркар’яну, Ю.В. Шпіту, І.І. Боўту.

Аршалуйс Балабекавіч Маркар’ян нарадзіўся 23 сакавіка 1915 года ў вёсцы Артэкендзе ў Арменіі ў сям’і Балабека Хрыстафоравіча Маркар’яна і Ганны Карпаўны Маркар’ян. У 1940 г. А.Б. Маркар’ян скончыў вячэрнюю школу ў горадзе Есентукі і паступіў у Маскоўскі архітэктурны інстытут. Пасля яго заканчэння атрымаў накіраванне ў горад Мінск.

З 1946 года Аршалуйс Балабекавіч удзельнічаў у аднаўленні і забудове пасляваеннай Беларусі. Працаваў раённым архітэктарам Ленінскага і Фрунзенскага раёнаў горада Мінска, галоўным архітэктарам горада Гродна, галоўным архітэктарам праекта ў інстытуце «Мінскпраект».

А.Б. Маркар’ян праектаваў жылыя, грамадскія і адміністрацыйныя будынкі, выконваў праекты планіровак і азелянення раёнаў беларускай сталіцы. Архітэктар удзельнічаў у распрацоўцы чырвоных ліній генеральнага плана горада Мінска. Па яго праектах у Мінску былі пабудаваны паліклініка па вул. Ульянаўскай, 28-мі кватэрны жылы дом аўтазавода і 32-кватэрны жылы дом бетоннага завода, комплекс жылых дамоў завода ацяпляльнага абсталявання, рэканструкцыя-надбудова інтэрната медыцынскага інстытута і інш. Архітэктарам была праведзена вялікая творчая праца па складанні праектных прапаноў ідэальнага горада будучыні – «горада-зоркі».

Юрый Васілевіч Шпіт нарадзіўся 9 лістапада 1930 г. у г. Запарожжа Украінскай ССР.

У 1954 г. пасля заканчэння архітэктурнага факультэта Кіеўскага інжынерна-будаўнічага інстытута малады спецыяліст быў накіраваны ў Беларусь у майстэрню «Белдзяржпраекта» і з гэтага часу ўся яго творчая дзейнасць як архітэктара звязана з Беларуссю. За гады сваёй працы ў гэтым інстытуце ён прайшоў шлях ад старэйшага архітэктара да кіраўніка архітэктурна-канструктарскай майстэрні.

Пад кіраўніцтвам Ю.В.Шпіта і яго непасрэдным удзеле было ажыццёўлена праектаванне і будаўніцтва эксперыментальных буйнапанэльных жылых дамоў палепшанай планіроўкі. Была распрацавана серыя тыпавых праектаў, асвоеная ўсімі домабудаўнічымі камбінатамі рэспублікі, з індустрыяльных канструкцый па індывідуальных праектах пабудаваны буйныя жылыя комплексы ў г. Мінску і г. Наваполацку. Архітэктар быў кіраўніком творчага калектыву праекціроўшчыкаў па забудове г. Наваполацка. За стварэнне мікрараёнаў і ансамбляў грамадскіх цэнтраў у гэтым горадзе Юрый Васілевіч у складзе групы праекціроўшчыкаў і будаўнікоў у 1984 г. быў удастоены звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР. Ён з’яўляецца аўтарам праектаў міжнароднага маладзёжнага комплексу «Юнацтва», кінатэатра «Партызан», санаторыя «Беларусь» у Крыме, шэрагу адміністрацыйных будынкаў.

Іван Іванавіч Боўт нарадзіўся 20 ліпеня 1932 г. у г.Мінску ў сям’і служачага.

У 1948 г. ён скончыў 7 класаў сярэдняй школы №33 і паступіў у Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум. Пасля заканчэння тэхнікума ў 1952 г. па спецыяльнасці «архітэктура» І.І. Боўта накіравалі на працу ў праектны інстытут «Белпрампраект». Тут ён і прапрацаваў да 2001 г. на розных пасадах, а з 1968 г. – галоўным архітэктарам інстытута.

Як непасрэдны ўдзельнік і кіраўнік архітэктар распрацаваў праекты буйных прамысловых комплексаў, прадпрыемстваў, вытворчых будынкаў: завода халадзільнікаў і гадзіннікавага завода ў г.Мінску, дывановага камбіната і панчошнай фабрыкі ў г.Брэсце, Беларускага аўтамабільнага завода ў г.Жодзіна, фабрыкі каляровага друку, будынкі праектнага інстытута «БелНДІгіпрасельбуд», НДІ архітэктуры і будаўніцтва, СКБ-12 і ЭКБ мэблі ў г.Мінску.

У канцы 90-х гадоў ХХ стагоддзя дойлід узначаліў аўтарскі калектыў па праектаванні і будаўніцтве Лядовага палаца па вул.Прытыцкага ў г.Мінску. Былі спраектаваны і пабудаваны лядовыя палацы і ў іншых гарадах Беларусі: Брэсце, Віцебску, Гомелі.

З экспазіцыяй можна азнаёміцца ў Беларускім дзяржаўным архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі, які размешчаны па адрасе: г. Мінск, вул. св. Кірылы і Мяфодзія, 4.

 

Аршалуйс Балабековіч Маркар’ян
Юрый Васільевіч Шпіт
Іван Іванавіч Боўт
Эскізны праект інтэрната медінстытута на рагу праспекта ім. Сталіна (пр. Незалежнасці) і вул. Б. Хмяльніцкага ў г. Мінску. А.Б. Маркар’ян. 1955 г.
Эскізны праект храма святога апостала Андрэя Першазванага па вул. Ракасоўскага і вул. Малініна ў г. Мінску. Ю.У. Шпіт. [1995-1996 гг.]
Эскізны праект Мінскага завода халадзільнікаў. І.І. Боўт. 1972 г.