Адкрыццё кніжна-дакументальнай выставы «Забыты генацыд. Валынская разня 1943-1944 гг.»

Напярэдадні 80-й гадавіны «крывавай нядзелі» на Валыні ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылося адкрыццё кніжна-дакументальнай выставы «Забыты генацыд. Валынская разня 1943-1944 гг.».

11 ліпеня 1943 г. наступіла кульмінацыя акцыі масавага знішчэння ўкраінскімі нацыяналістамі польскага насельніцтва на Валыні. У нядзелю раніцай жаўнеры ўкраінскай паўстанцкай арміі атакавалі польскія вёскі і населеныя пункты, жорстка забіваючы дзяцей, жанчын, старых. У 2016 г. Сейм Рэспублікі Польшча абвясціў 11 ліпеня Нацыянальным Днём памяці ахвяр генацыду, здзейсненага ўкраінскімі нацыяналістамі ў дачыненні да грамадзян Другой Польскай Рэспублікі.

Да 80-й гадавіны адной з самых драматычных для мірнага насельніцтва Валыні падзей Нацыянальная бібліятэка пры ўдзеле Нацыянальнага архіва падрыхтавала кніжна-дакументальную выставу, мэта якой – асэнсаваць мінулае, каб трагедыя не паўтарылася ў сучаснасці і будучыні.

На выставе экспануецца каля 60 дакументаў з фонду бібліятэкі. Гэта навуковыя (энцыклапедыі, зборнікі канферэнцый) і навукова-папулярныя кніжныя выданні, зборнікі архіўных дакументаў, артыкулы з перыёдыкі.

Кніжная частка дапоўненая банэрнай выставай «Без тэрміну даўнасці. Беларусь» і копіямі дакументаў, звязаных з дзейнасцю нацыяналістычных арганізацый на тэрыторыях БССР і УССР у 1943-1944 гг., прадастаўленымі Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь.

У экспазіцыі адлюстраваны погляд на падзеі савецкіх і сучасных беларускіх, польскіх, расійскіх, украінскіх гісторыкаў, журналістаў, а таксама відавочцаў Валынскай разні. Шэраг выданняў і газетных артыкулаў раскрываюць дзейнасць арганізацый украінскіх нацыяналістаў на тэрыторыі Беларусі ў 1939-1953 гг.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, старшыня праўлення РДГА «Беларускае таварыства «Веды», кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вадзім Гігін, старшыня ГА «Саюз палякаў Беларусі», член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Сяргей Клішэвіч, дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Андрэй Дземянюк, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Беларусі Павел Трубчык, грамадскі дзеяч Расійскай Федэрацыі Акім Апачоў, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, СМІ.

Фота і матэрыял: Нацыянальная бібліятэка Беларусі.