Аб правядзенні экскурсіі для супрацоўнікаў упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Дзяржынскага раённага выканаўчага камітэта, кіраўнікоў устаноў адукацыі Дзяржынскага раёна
29 чэрвеня ў рамках мерапрыемстваў да Года міру і стварэння, акцыі «Архівы школе» была праведзена экскурсія для супрацоўнікаў упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Дзяржынскага райвыканкама, кіраўнікоў устаноў адукацыі Дзяржынскага раёна. Экскурсаводамі выступілі вядучы архівіст аддзела дзяржаўнага ўліку і навукова-даведачнага апарата Чарненка В.Ф. і в.а. загадчыка аддзела дзяржаўнага ўліку і навукова-даведачнага апарата Раманава М.Д.
Удзельнікі экскурсіі наглядна азнаёміліся з відамі носьбітаў аўдыёвізуальных дакументаў на вітрыннай выставе, размешчанай у фае архіва. У чытальнай зале наведвальнікі даведаліся пра гісторыю развіцця архіўнай справы, азнаёміліся з аўтаматызаванай пошукавай сістэмай архіва і альбомамі: пра Дзяржынск, зборамі фотакалекцый Э. Тамашэўскай-Радзівіл і А.М.Багамолава. Вялікую цікавасць гасцей выклікалі тэхнічныя працэсы па рэстаўрацыі аўдыёвізуальных дакументаў, іх алічбоўванні і тэхнічным кантролі за іх станам.
У ходзе экскурсіі гасцям быў прадстаўлены ўнікальны фонадакумент «За рэверсам паравоза» (арх.№ ML01768, 1984 г.). Гэта радыёрасказ аб першай жанчыне-машынісце Марыі Аляксандраўне Арыставай, падчас Вялікай Айчыннай вайны прызванай у калону паравозаў асаблівага рэзерву, а пасля Перамогі стаўшай загадчыцай дзіцячага сада.
У кіназале быў прадэманстраваны дакументальны фільм «Злачынствы, зробленыя немцамі на тэрыторыі Беларускай ССР у перыяд акупацыі» (арх. № 35_00901, ч.3, 1944 г.).
Вынікам экскурсіі стала дасягненне папярэдніх дамоўленасцей па супрацоўніцтве БДАКФФД і ўстаноў адукацыі Дзяржынскага раёна ў рамках разнастайных адукацыйных і патрыятычных праектаў.
1. Знаёмства з носьбітамі дакументаў у чытальнай зале архіва (29 чэрвеня 2023 г., Дзяржынск, БДАКФФД) |
2. Падчас наведвання лабараторыі рэстаўрацыі дакументаў (29 чэрвеня 2023 г., Дзяржынск, БДАКФФД) |
3. Падчас прагляду кінафільма (29 чэрвеня 2023 г., Дзяржынск, БДАКФФД) |