Пра архіўную знаходку фатаграфіі беларускага драматурга, сцэнарыста, народнага пісьменніка БССР — МАКАЁНКА Андрэя Ягоравіча ва ўстанове «Занальны дзяржаўны архіў у г. Рэчыцы»

Нядаўна на сайце «Архівы Беларусі» была апублікаваная навіна ўстановы «Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці» аб выяўленні ў фондзе Гомельскага абкама КП(б)Б асабістай справы беларускага драматурга, сцэнарыста, народнага пісьменніка БССР Андрэя Ягоравіча Макаёнка, які змяшчае яго аўтабіяграфію з інфармацыяй пра яго працу памочнікам сакратара Журавіцкага райкама КП(б)Б, датаваную 1946 годам. У працяг тэмы мы, супрацоўнікі Занальнага дзяржаўнага архіва ў г. Рэчыцы, хочам паведаміць пра сваю знаходку дакумента Макаёнка.

У нашым архіве ёсць фонд асабістага паходжання № 834, які належыць партызану Вялікай Айчыннай вайны Адаму Васільевічу Кузьмянкову, які з 1944 па 1948 год быў першым сакратаром Журавіцкага райкама КП(б)Б. Некалькі месяцаў таму сярод дакументаў яго фонду выяўлены фотаздымак Андрэя Макаёнка з дароўным надпісам мужу і жонке Кузьмянковым: «Адаму і Паліне Цімафееўне, маім верным сябрам. Андрэй Макаёнак. 8 сакавіка 1966. Мінск» (Ф. 834. Воп. 1. Спр. 16).

Безумоўна, дадзены дакумент – гэта каштоўная і ўнікальная знаходка для Рэчыцкага дзяржархіва. А дзякуючы асабістай справе Макаёнка, прадстаўленай Дзяржаўным архівам грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці на сайце «Архівы Беларусі», нам стала вядома пра карані знаёмства і шматгадовага сяброўства Андрэя Макаёнка і Адама Кузьмянкова, памочнікам якога працаваў выдатны беларускі драматург у Журавіцкім райкаме КП(б)Б у 1946 – 1947 гадах.