Ва Установе “Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці” прайшоў Дзень адчыненых дзвярэй, прымеркаваны да 100-годдзя архіўнай службы Беларусі

12 верасня 2022 года Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці расчыніў свае дзверы для ўсіх жадаючых — для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй, сваім радаводам, пацвярджэннем сваіх маёмасных, сацыяльна-прававых правоў. Сярод наведвальнікаў архіва ў гэты дзень былі навучэнцы УА “Мінскі дзяржаўны абласны каледж”, супрацоўнікі Мінскай абласной натарыяльнай палаты і студэнты 1-га курса гістарычнага факультэта БДУ.

З прывітальным словам у холе архіва гасцей сустрэла намеснік дырэктара па арганізацыйна-метадычнай рабоце Клімовіч Марына Віктараўна. Падчас агляднай экскурсіі наведвальнікі даведаліся пра гісторыю архіва, пра яго фонды і каштоўныя калекцыі, наведалі архівасховішча. Гасцям было расказана аб асноўных напрамках дзейнасці ўстановы, аб дзейнасці аддзелаў, аб выставачнай і публікацыйнай рабоце.

У наведвальнікаў таксама была магчымасць азнаёміцца з банэрнай выставай да 100-годдзя архіўнай службы “АРХІЎ І ЧАС: захаванне мінулага ў імя будучыні” і банэрнай выставай “Без тэрміну даўнасці”, размешчанымі ў холе архіва. У чытальнай зале ўсе жадаючыя маглі атрымаць кансультацыю па даследаваннях генеалагічнага характару, а таксама азнаёміцца з гісторыка-дакументальнай выставай “Мінску 955!”.

Мерапрыемствы, праведзеныя архівам Мінскай вобласці ў рамках Дня адчыненых дзвярэй і прымеркаваныя да 100-годдзя архіўнай службы Беларусі, выклікалі вялікую цікавасць ва ўсіх наведвальнікаў. У наш час каштоўнасць інфармацыі, якая захоўваецца ў архіве, па-ранейшаму вялікая, як і роля тых, хто яе збірае і забяспечвае захаванасць.