Ва ўстанове «Занальны дзяржаўны архіў у г. Рэчыцы» 12 верасня 2022 г. адбыўся Дзень адчыненых дзвярэй, прымеркаваны да 100-годдзя архіўнай службы Беларусі

12 верасня, ў дзень 100-годдзя архіўнай службы Беларусі, у занальным дзяржаўным архіве у г. Рэчыцы прайшоў агульнарэспубліканскі Адзіны дзень адчыненых дзвярэй для ўсіх, хто жадаў даведацца больш пра гісторыю і дзейнасць установы.

Старшакласнікі ўстаноў сярэдняй агульнай адукацыі г.Рэчыцы (раённы ліцэй, раённая гімназія, школы №№ 2, 5, 7, 9 і 11) падчас экскурсіі па архіве даведаліся шмат цікавага аб рабоце архівістаў і пра гісторыю архіва. Іх увазе былі прадастаўлены друкаваныя выданні з бібліятэкі архіва (падшыўкі раённых газет савецкага перыяду, нумары галіновага часопіса «Архівы і справаводства», архіўныя даведнікі, зборнікі дакументаў, гісторыка-дакументальныя летапісы), а таксама стацыянарныя выставы архіўных дакументаў пра гісторыю Рэчыцкага дзяржархіва і пра генацыд беларускага народа ў Рэчыцкім раёне ў 1941 – 1943 гг.

Акрамя таго, у той жа дзень у архіве прайшоў урачысты сход з калектывам установы. Дырэктар архіва Наталля Пішчык цёпла павіншавала ўсіх супрацоўнікаў са святам і ўручыла на памяць юбілейныя буклеты.