Дзяржаўная ўстанова «Рэспубліканская тэхнічная лабараторыя мікрафільмавання страхавога фонду дакументацыі» (РТЛМ СФД)


Гістарычная даведка

Рэспубліканская тэхнічная лабараторыя мікрафільмавання страхавога фонду дакументацыі (РТЛМ СФД)вядзе адлік сваёй дзейнасці з жніўня 1981 г., калі ў складзе Гомельскага канструктарскага бюро «Прамень» сістэмы Цэнтральнага навукова-вытворчага аб’яднання “Вымпел” была створана Спецыяльная лабараторыя па мікрафільмаванні тэхнічнай дакументацыі. Метадычнае кіраўніцтва лабараторыі ажыццяўляў Навукова-даследчы інстытут эканомікі і інфармацыі па радыёэлектроніцы Міністэрства радыёпрамысловасці СССР. Лабараторыя ажыццяўляла мікрафільмаванне арыгіналаў тэхнічнай дакументацыі вырабаў спецыяльнай тэхнікі прадпрыемстваў ЦНПО «Вымпел» і Міністэрства радыёпрамысловасці з перадачай мікрафільмаў ў сховішча страхавога фонду (г. Протва Калужскай вобласці).

У сакавіку 1992 г. лабараторыя была перададзена ў вядзенне Гомельскага аддзялення Беларускай жалезнай дарогі.

20 жніўня 1993 г. лабараторыя ўвайшла у склад Дзяржаўнай архіўнай службы Рэспублікі Беларусь з падначаленнем Камітэту па архівах і справаводству пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь і атрымала назву «Рэспубліканская тэхнічная лабараторыя мікрафільмавання страхавога фонду дакументацыі» (РТЛМ СФД). Асноўным напрамкам дзейнасці лабараторыі з’яўлялася стварэнне страхавога фонду копій асабліва каштоўных дакументаў дзяржаўных архіваў з дапамогай мікрафотакапіравання.

У 2001 г. у сувязі з укараненнем новых камп’ютэрных тэхналогій пачалося стварэнне фонду карыстання на асабліва каштоўныя дакументы шляхам перакладу архіўных дакументаў на электронныя носьбіты.

З 19 сакавіка 2001 г. лабараторыя носіць назву «Дзяржаўная ўстанова «Рэспубліканская тэхнічная лабараторыя мікрафільмавання страхавога фонду дакументацыі».