Дзяржаўная ўстанова «Цэнтральная лабараторыя мікрафільмавання і рэстаўрацыі дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь» (ЦЛМРД НАФ РБ)


Гістарычная даведка

Цэнтральная лабараторыя мікрафільмавання і рэстаўрацыі дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь (ЦЛМРД НАФ РБ) вядзе адлік сваёй дзейнасці з 1956 г., калі ў складзе Архіўнага ўпраўлення Міністэрства ўнутраных спраў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР) была створана Цэнтральная лабараторыя па мікрафотакапіраванню і рэстаўрацыі дакументальных матэрыялаў цэнтральных дзяржаўных архіваў БССР. Яе асноўнай задачай з’яўлялася забеспячэнне захаванасці архіўных дакументаў шляхам правядзення рэстаўрацыі, кансервацыі, дэзінфекцыі, вырабу і фотакопій мікрафотакопій, выкананне пераплетных работ.

У 1965 г. лабараторыя была перададзена Цэнтральнаму дзяржаўнаму архіву кінафотафонадакументаў БССР на правах структурнага падраздзялення.

У мэтах актывізацыі работ па захаванні архіўных дакументаў у лістападзе 1985 г. лабараторыя была ператворана ў Цэнтральную лабараторыю мікрафотакапіраванню і рэстаўрацыі дакументаў Цэнтральнага дзяржаўнага архіва БССР (з 1991 г. – Рэспублікі Беларусь) і атрымала статус юрыдычнай асобы.

У траўні 1993 г. лабараторыя перайменавана ў Цэнтральную лабараторыю мікрафотакапіравання і рэстаўрацыі дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь (ЦЛМРД НАФ РБ).

З 7 снежня 2000 г. лабараторыя функцыянуе пад назвай «Дзяржаўная ўстанова «Цэнтральная лабараторыя мікрафотакапіравання і рэстаўрацыі дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь».