Установа «Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі» (БДАНТД)
Характарыстыка фондаў
Колькасць фондаў: 307 фондаў, 222 143 адзінкі захоўвання, 10 музейных прадметаў.
Храналагічны перыяд: 1748 – 2023 гг
Тэрытарыяльны ахоп:
- Рэч Паспалітая (асобныя дакументы)
- Расійская імперыя (асобныя дакументы)
- Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР)
- Рэспубліка Беларусь
- іншыя краіны: ЗША, Германія (у фондзе Б. Кіта)
Склад фондаў:
Архіў захоўвае дакументы па гісторыі развіцця навукі, тэхнікі, архітэктуры на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Гэта праектная, канструктарская, навукова-даследчая, тэхналагічная, патэнтавая і іншая дакументацыя.
Праектная дакументацыя характарызуе будаўніцтва аб’ектаў жыллёва-грамадзянскага, прамысловага, сельскагаспадарчага, энергетычнага, водагаспадарчага і транспартнага прызначэння. У ёй адлюстраваны пытанні планіроўкі і забудовы жылых раёнаў, прамысловых зон, азелянення, добраўпарадкавання, водазабеспячэння; гісторыя аднаўлення і развіцця гарадоў і вёсак Беларусі, помнікаў архітэктуры – палаца. П. Румянцава – І. Паскевіча у г. Гомелі, музея-сядзібы мастака І. Е. Рэпіна ў в. Здраўнёва Віцебскай вобласці, сядзібы паэта Ф. Багушэвіча ў в. Кушляны Гродзенскай вобласці, дома-музея мастака В. Ваньковіча ў г. Мінску, Старога замка ў г. Гродна; матэрыялы даследаванняў замкаў Беларусі.
У архіве захоўваюцца праекты мемарыяльных комплексаў «Брэсцкая крэпасць-герой» і «Бітва пад Лясной», мемарыяльнага архітэктурна-скульптурнага комплексу «Хатынь» у памяць пра жыхароў в. Хатынь Лагойскага раёна Мінскай вобласці і іншых беларускіх вёсак, знішчаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі, помніка-манумента загінулым воінам Савецкай Арміі і беларускім партызанам на плошчы Перамогі ў г. Мінску і інш.
Цікавасць уяўляюць планы гарадоў Вяліжа (1778 г.), Люцына (1748 г.) і Мінска (XIX – пачатак XX ст.), план Мінска і яго наваколля перыяду нямецка-фашысцкай акупацыі (1942 г., на нямецкай мове), першы пасляваенны генеральны план аднаўлення і развіцця Мінска (1946), генеральныя планы, праекты плановак і забудоў абласных і раённых гарадоў рэспублікі, калекцыя фотадакументаў па архітэктуры Мінска за 1944-1953 гг.
У канструктарскіх дакументах ўсебакова асветлены зараджэнне і развіццё ў рэспубліцы вялікагрузнага аўтамабілебудавання, стварэнне першых беларускіх халадзільнікаў, тэлевізараў, электронна-вылічальных машын, станкоў і аўтаматычных ліній.
Навукова-даследчая дакументацыя змяшчае справаздачы аб навукова-даследчых працах, тэхнічныя і тэхніка-эканамічныя запіскі, рэфераты, артыкулы, якія адлюстроўваюць развіццё тэхнікі вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, тэхнічнай аснашчанасці будаўнічай індустрыі, распрацоўку новых тэхналогій і машын па механізацыі работ у галіне земляробства, жывёлагадоўлі і іншых галін сельскай гаспадаркі, навукова-даследчыя работы вядомых беларускіх навукоўцаў А. В. Рамана, В. П. Рагойшы, Р. Г. Гарэцкага, Г. В. Штыхава і інш.
Патэнтавая дакументацыя прадстаўлена аўтарскімі сведчаннямі і заявачнымі матэрыяламі, якія змяшчаюць звесткі аб вынаходствах ў працэсе распрацоўкі дарожна-меліярацыйных машын і механізмаў, станкоў і аўтаматычных ліній, сельскагаспадарчых машын.
Кіраўнічая дакументацыя змяшчае звесткі аб дзейнасці праектных, канструктарска-тэхналагічных, навуковых арганізацый і дапаўняе навукова-тэхнічную дакументацыю. Гэта пратаколы і стэнаграмы пасяджэнняў навукоўцаў і навукова-тэхнічных саветаў, дакументы рэспубліканскіх навукова-тэхнічных таварыстваў аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве з навуковымі арганізацыямі замежных краін, пра эфектыўнасць навукова-даследчых работ, асабістыя справы вядомых навукоўцаў і спецыялістаў.
Фонды асабістага паходжання прадстаўлены дакументамі народных архітэктараў СССР Г. Заборскага і У. Караля, заслужаных архітэктараў рэспублікі М. Бакланава, В. Волчака, А. Дзятлава, Г. Сысоева, Г. Парсаданава, Н. Трахтэнберга, М. Томаха; вучоных-канструктараў Б. Шапашнікава, Г. Кокіна, Н. Пігулеўскага; акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі Б. Кіта; акадэміка Акадэміі навук Беларусі селекцыянера. П. Альсміка; навукоўцаў-фізікаў. Л. Барысаглебскага, В. Мураса. Сярод дакументаў асабістага паходжання асабліва каштоўнымі з’яўляюцца эскізы помніка Перамогі ў г. Мінску, выкананыя архітэктарам Г. Заборскім ў 1942 г. у шпіталі; партызанскія малюнкі архітэктара Е. Дзятлава (1942-1944 гг.); лісты беларускіх архітэктараў з фронту з эвакуацыі, шпіталяў, фатаграфіі архітэктараў за абмеркаваннем праектаў па аднаўленні г. Мінска (40-е гг.), фатаграфіі Б. Кіта з народным пісьменнікам Беларусі В. Быкавым.