Біяграфія

Владимир Иванович Адамушко

Адамушка Уладзімір Іванавіч

Дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Нарадзіўся 1 студзеня 1952 г. у в. Подгайна Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці ў сям’і сельскага настаўніка.

У 1973 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. З 1973 па 1975 г. праходзіў ваенную службу ў ракетных войсках.

У 1975 – 1988 гг. працаваў рэферэнтам Бюро міжнароднага турызму “Спадарожнік”, адказным сакратаром Камітэта маладзёжных арганізацый БССР. У 1988 – 1990 гг. быў старшым выкладчыкам кафедры сусветнай палітыкі Мінскай вышэйшай партыйнай школы.

З 1991 г. – начальнік аддзела, з 1995 г. – намеснік Старшыні Камітэта па архівах і справаводству Рэспублікі Беларусь.

З лютага 2002 г. – Старшыня Нацыянальнага цэнтра па архівах і справаводству, з ліпеня 2002 г. – Старшыня Камітэта па архівах і справаводству пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.

C 2006 г. – дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

З’яўляецца прадстаўніком Урада Рэспублікі Беларусь у апякунскім савеце Фонду ФРГ “Памяць, адказнасць і будучыня”.

Кандыдат гістарычных навук (1988). Аўтар кніг «Злітуйцеся… Дакументы па рэпрэсіям 1939 – 1941 гг. у Вілейскай вобласці» (1992, у сааўтарстве з Н.У.Івановай, у 1996 г. перавыдадзена на польскай мове), «Палітычныя рэпрэсіі 20-50 гадоў на Беларусі» (1994), «Гербы і сцягі Беларусі» (2006, у сааўтарстве з М. М. Елинской), «Геральдычны вянок Віцебшчыны» (2010, у суаўтарстве з М. М. Елинской і С. В. Рублевским). Адзін з складальнікаў і аўтараў зборнікаў дакументаў і матэрыялаў «Белорусские остарбайтеры» (у 3-х кнігах, 1996-1998), «Нацысцкае золата» з Беларусі» (1998), «Лагер смерці Трасцянец» (2003), «Вызваленая Беларусь» у двух кнігах (2004-2005), «Чарнобыль. 26 красавіка 1986 г.—снежань 1991 г.» (2006), «Напярэдадні. Заходні асаблівы ваенны акруга (канец 1939 г. – 1941 г.) (2007), «Сведчаць каты» (2009), «Хатынь. Трагедыя і памяць» (2009), «Ты з Заходняй, Я з Усходняй нашай Беларусі…» Верасень 1939 г. – 1956 г. у 2-х кнігах (2009), «Беларусы ў савецкім тыле» (у двух выпусках, 2010), «Чарнобыльская катастрофа 1986-1991» (2011), «АУН-УПА ў Беларусі. 1939 – 1953 гг.» (2011) і інш.

Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, ордэнам Францыска Скарыны, трыма Ганаровымі граматамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, нагрудным знакам Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь «За адзнаку» II ступені, нагрудным знакам Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь «За адзнаку» I ступені, нагрудным знакам Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь «Ганаровы архівіст Беларусі», нагрудным знакам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі «Юбілейны медаль «У гонар 80-годдзя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі». Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь 2002 года ў галіне навукі.