Установа «Занальны дзяржаўны архіў у г. Оршы»


Характарыстыка фондаў

Колькасць фондаў: 1 397 фондаў і калекцый, 248 270 адзінак захоўвання

Храналагічны перыяд: з 1917 г. па цяперашні час

Тэрытарыяльны ахоп: г. Орша, Дубровенскі, Аршанскі, Сенненскі, Талочынскі раёны, скасаваныя Аршанскі і Сенненскі паветы, Багушэўскі, Каханоўскі, Копыскі і Арэхаўскі раёны.

Склад фондаў:

Асноўную частку фондаў архіва складаюць дакументы, створаныя ў пасляваенны перыяд у працэсе дзейнасці мясцовых органаў улады, устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў рэгіёна.

Дакументы даваеннага перыяду адклаліся ў фондах рэўкама, выканкамаў Саветаў дэпутатаў. Яны асвятляюць барацьбу за ўстанаўленне і ўмацаванне Савецкай улады ў Аршанскім і Сенненскім павеце, з 1924 г. – у Аршанскім, Дубровенскім, Багушэўскім, Каханаўскім, Копыскім, Сенненскім і Талачынскім раёнах; першыя сацыяльна-эканамічныя мерапрыемствы, развіццё прамысловасці, сельскай гаспадаркі, культуры, адукацыі і аховы здароўя.

У фондах гарадскіх, раённых і сельскіх Саветаў дэпутатаў і выканаўчых камітэтаў маюцца акты аб шкодзе, нанесенай нямецкімі акупантамі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, спісы грамадзян г. Оршы і некаторых сельскіх саветаў Дубровенскага і Аршанскага раёнаў, якія загінулі і сагнаных на прымусовыя працы ў Германію і іншыя краіны Заходняй Еўропы, спісы ваенных могілак, брацкіх і індывідуальных магіл воінаў і партызан, карты замініраваных месцаў і размініравання тэрыторыі; матэрыялы аб перасяленні грамадзян Дубровенскага і Сенненскага раёнаў у Калінінградскую вобласць; адлюстраваны працэсы пасляваеннага аднаўлення і далейшага развіцця прамысловасці, сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, адукацыі, культуры і спорту; змяшчаецца інфармацыя аб заснаванні герба г. Оршы; устанаўленні дружалюбных сувязяў паміж гарадамі-пабрацімамі; аб перадачы вернікам цэркваў; працэсах дэмакратызацыі грамадства; ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС; аб адводзе зямельных участкаў для вядзення сялянскіх фермерскіх гаспадарак і інш.

У фондах Аршанскага і Сенненскага райвыканкамаў маюцца дакументы аб арганізацыі літаратурнага музея Янкі Купалы ў в. Ляўкі Аршанскага раёна і рэстаўрацыі дома ў в. Беліца Сенненскага раёна, у якім ён жыў.

У фондах прамысловых прадпрыемстваў адклаліся звесткі аб будаўніцтве і аднаўленні прадпрыемстваў у пасляваенныя гады, аб пашырэнні і ўводзе ў дзеянне новых прадпрыемстваў; аб развіцці станкабудаўнічай, лёгкай, лясной і паліўнай прамысловасці.

У фондзе Аршанскага льнокамбіната маецца гістарычны нарыс дырэктара льнокамбіната Г. В. Сямёнава “Перадавы вопыт – у вытворчасць”, у якім адлюстравана гісторыя камбіната з 1929 па 1960 гг.

У фондах устаноў сельскай і лясной гаспадаркі, калгасаў і саўгасаў маюцца звесткі аб першых сельскагаспадарчых камунах і калектывах, ліквідацыі памешчыцкага, царкоўнага і манастырскага землеўладання, аб парадку землекарыстання; аб арганізацыі, рэарганізацыі сельскагаспадарчых арцеляў, саўгасаў; аб дзейнасці машынна-трактарных станцый, правядзенне землеўпарадкавальных, лесаўпарадкавальных, меліярацыйных арашальных і асушальных работ і інш.

Дадзеныя аб развіцці адукацыі, культуры, аховы здароўя і спорту з 1944г. прадстаўлены ў фондах адпаведных аддзелаў выканкамаў, установаў адукацыі, культуры і аховы здароўя.

У архіве захоўваюцца фонды пракуратур Багушэўскага, Арэхаўскага і Каханоўскага раёнаў і народнага суда Багушэўскага раёна, Аршанскай гарадской і раённай натарыяльных кантор, у якіх маюцца грамадзянскія і крымінальныя справы, дамовы забудовы, куплі-продажу, дарэння і інш.

Дакументы фондаў фінансавых і статыстычных органаў ўтрымліваюць багаты лічбавы і фактычны матэрыял аб развіцці ўсіх галін народнай гаспадаркі.

Значную групу дакументаў складаюць фонды прафсаюзаў, якія характарызуюць іх удзел у абароне правоў працоўных, ўтрымліваюць інфармацыю аб развіцці сацыялістычнага спаборніцтва, ударніках пяцігодак і інш.