Установа «Занальны дзяржаўны архіў у г. Мазыры»


Характарыстыка фондаў

Колькасць фондаў: 1 207 фонда, 287 453 адзінка захоўвання

Храналагічны перыяд: 1917 – 2021 гг.

Тэрытарыяльны ахоп:

  • скасаваныя Даманавіцкі, Капаткевіцкі, Тураўскі раёны
  • Ельскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Лельчыцкі, Мазырскі, Нараўлянскі і Петрыкаўскі раёны Гомельскай вобласці

Склад фондаў:

Змест дакументаў, якія захоўваюцца ў архіве, раскрывае дзейнасць валасных, павятовых, акруговых выканаўчых камітэтаў, аблвыканкама, райвыканкамаў, міліцыі, суда і пракуратуры, харчовых камітэтаў у ранні паслярэвалюцыйныя перыяд.

У фондах камітэтаў беднаты, устаноў сельскай гаспадаркі, органаў статыстыкі змяшчаюцца дадзеныя аб развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці, арганізацыі саўгасаў, калгасаў, машынна-трактарных станцый, правядзенні землеўпарадкавальных і меліярацыйных работ, электрыфікацыі і механізацыі сельскай гаспадаркі, развіцці жывёлагадоўлі, племянной справы, ветэрынарыі.

У фондах акруговых і раённых зямельных аддзелаў адлюстравана развіццё сельскай гаспадаркі, ход калектывізацыі і абсталяванне вёскі тэхніка-агранамічнымі сродкамі.

Дакументы па народнай адукацыі адлюстроўваюць працу органаў мясцовай улады па нацыянальна-культурнаму развіццю, барацьбе з дзіцячай беспрытульнасцю, ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослага насельніцтва.

Дакументы фондаў судоў, пракуратуры адлюстроўваюць барацьбу з дэзерцірствам, кулацтвам, “контррэвалюцыйнымі элементамі”, “раскрадальнікамі сацыялістычнай уласнасці”, ўтрымліваюць прысуды і вызначэнні па крымінальных справах і рашэнні па грамадзянскіх справах.

У дакументах фондаў натарыяльных кантор маюцца пасведчання аб праве на спадчыну, дагаворы дарэння, куплі-продажу, пагаднення аб падзеле і праве ўласнасці на спадчыннаю маёмасць і інш.

Па дакументах фондаў раённых і акруговых выканаўчых камітэтаў прасочваецца барацьба з замежнай ваеннай інтэрвенцыяй і контррэвалюцыяй, эканамічнай разрухай, беспрацоўем, голадам, умацаванне Савецкай улады ў 1920-1928 гг.

Асаблівую цікавасць уяўляюць дакументы рэвалюцыйных камітэтаў 1920-х гг. У іх адлюстравана ўзброеная барацьба савецкай улады з контррэвалюцыйнымі фарміраваннямі, з дэзертырамі, панікёрамі; маюцца звесткі аб фарміраванні атрадаў міліцыі, дзейнасці камітэтаў беднаты, правядзенні тыдняў дапамогі Чырвонай Арміі, сем’ям чырвонаармейцаў, галадаючым Паволжа.

У фондах архіва ўтрымліваюцца дадзеныя аб арганізацыі масавага перасялення грамадзян у Сібір, Крым і Калінінградскую вобласць, на Далёкі Ўсход у 1920-я і 1940-я гг.

Вялікую цікавасць уяўляе фонд Надзвычайнай камісіі па ўсталяванні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ўліку нанесенай імі шкоды на тэрыторыі былой Палескай вобласці: пратаколы апытання відавочцаў, фотаздымкі і лісты з Германіі, спісы расстраляных, павешаных і сагнаных на прымусовыя працы ў Нямеччыну і іншыя дакументы.

У архіве захоўваецца калекцыя успамінаў удзельнікаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг., у т. л. партызанскага руху на Палессі, грамадскіх дзеячаў, вядомых людзей (69 адзінак захоўвання).

Маецца калекцыя дакументаў па асабоваму складу прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў Ельскага, Жыткавіцкага, Калінкавіцкага, Лельчыцкага, Мазырскага, Нараўлянскага, Петрыкаўскага раёнаў і г. Мазыра.