Установа «Занальны дзяржаўны архіў у г. Пінску»


Характарыстыка фондаў

Колькасць фондаў: 877 фондаў, 290 928 адзінак захоўвання

Храналагічны перыяд: 1939-1941, з 1944 г. па цяперашні час

Тэрытарыяльны ахоп:

  • скасаваныя Антопальскі, Давыд-Гарадоцкі, Жабчыцкі, Ленінскі, Лагішынскі раёны
  • Драгічынскі, Іванаўскі, Лунінецкі, Пінскі, Столінскі раёны Брэсцкай вобласці

Склад фондаў:

У архіве захоўваюцца дакументы, якія адлюстроўваюць дзейнасць устаноў, прадпрыемстваў, арганізацый Піншчыны з моманту аб’яднання Заходняй Беларусі з Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР) у верасні 1939 г. да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў чэрвені 1941 г. і з моманту вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ліпені 1944 г. па цяперашні час.

Дакументы часовых упраўленняў (1939-1941 гг.) адлюстроўваюць працэс станаўлення савецкай улады на Піншчыне, ліквідацыі старога дзяржаўнага апарату, ўтрымліваюць звесткі аб нацыяналізацыі грашовых сродкаў былых польскіх банкаў, памешчыцкай рухомай маёмасці, звесткі аб будынках асобных домаўладальнікаў ў г. Пінску.

Комплекс дакументаў даваеннага перыяду захаваўся не цалкам у сувязі з знішчэннем вялікай колькасці дакументальных матэрыялаў у перыяд Вялікай Айчыннай вайны.

У фондах Пінскага абласнога, гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў змяшчаецца інфармацыя аб нацыяналізацыі прамысловых прадпрыемстваў, аб адводзе зямельных участкаў пад дзяржаўнае і індывідуальнае будаўніцтва, дакументы аб ўручэнні ўзнагарод Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, аб дзейнасці ўстаноў рэлігійных культаў.

У дакументах фондаў прадпрыемстваў адлюстраваны стан і развіццё прамысловасці ў пасляваенны перыяд. Маюцца звесткі аб будаўніцтве і рэканструкцыі прадпрыемстваў, асваення новых відаў прадукцыі, развіцці сацыялістычнага спаборніцтва, росце прадукцыйнасці працы, укараненні новай тэхнікі, рацыяналізатарстве і вынаходніцтве; акты ўводу аб’ектаў у эксплуатацыю, калектыўныя дагаворы.

У фондах органаў дзяржаўнага і народнага кантролю прадстаўлены матэрыялы праверак вытворчай і гаспадарчай дзейнасці арганізацый і прадпрыемстваў, калгасаў і саўгасаў.

Фонды органаў пракуратуры і суда ўтрымліваюць спецыяльныя данясенні за 1944-1945 гг. аб бандытызме ў Пінскай вобласці, грамадзянскія і крымінальныя справы.

Звесткі аб забеспячэнні пенсіямі і пасобіямі інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, сем’яў ваеннаслужачых, інвалідаў Савецкай Арміі сканцэнтраваны ў фондах аддзелаў сацыяльнага забеспячэньня райвыканкамаў.

У дакументах канцэрна “Полесьеводстрой” і яго падведамасных арганізацый адлюстравана спецыфіка развіцця Палесся ў 60-80-я гг. XX ст.: правядзенне меліярацыі, будаўніцтва новых саўгасаў на меліяраваных землях.

Дакументы пачатку правядзення калектывізацыі (1948-1950 гг.), аб арганізацыі і дзейнасці машынна-трактарных і рамонтна-тэхнічных станцый (МТС і РТС), калгасаў, саўгасаў, аб правядзенні меліярацыйных работ, росце ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур, развіцці бульбаводства, льнаводства, аб стане жывёлагадоўлі, наяўнасці ворных зямель і сельскагаспадарчых машын адклаліся ў фондах упраўленняў сельскай гаспадаркі, зямельных аддзелаў Пінскага аблвыканкама і райвыканкамаў, МТС.

У фондах аддзелаў народнай адукацыі райвыканкамаў, навучальных устаноў адлюстраваны шляхі развіцця народнай адукацыі, працэс ліквідацыі непісьменнасці, пашырэнне школьнай сеткі, падрыхтоўка спецыялістаў для народнай гаспадаркі, барацьба з дзіцячай беспрытульнасцю.

Дакументы ўстаноў культуры сведчаць аб рабоце бібліятэк, клубаў, кінатэатраў і кінаўстановак.

Дакументы аддзелаў аховы здароўя, бальніц ўтрымліваюць статыстыку інфекцыйных захворванняў, нараджальнасці і дзіцячай смяротнасці, інфармацыю аб аказанні медыцынскай дапамогі насельніцтву, аб сетцы і працы медыцынскіх устаноў.

Арганізацыя і правядзенне спартыўна-масавых мерапрыемстваў, праца спартыўных таварыстваў адлюстравана ў фондах камітэтаў па фізічнай культуры і спорце.

Звесткі аб наяўнасці і рэгістрацыі цэркваў, малітоўных дамоў, спісы царкоўнаслужыцеляў ўтрымліваюцца ў фондзе Упаўнаважанага Савета па справах рускай праваслаўнай царквы пры Савеце Міністраў БССР па Пінскай вобласці.

У фондзе “Пінская абласная камісія садзейнічання ў рабоце Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па расследаванню і ўстанаўленню злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ўліку нанесенай імі шкоды па Пінскай вобласці” ўтрымліваюцца звесткі аб знішчэнні грамадзянскага насельніцтва падчас Вялікай Айчыннай вайны, акты уліку нанесенай шкоды прадпрыемствам, арганізацыям і грамадзянам, апытальныя лісты на асоб, што вярнуліся з германскай няволі, спісы нацыстаў і іх памагатых.

У архіўных калекцыях ўтрымліваюцца дакументы ўдзельнікаў нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікаў баявых дзеянняў у Афганістане, вядомых людзей Палесся (акцёраў, мастакоў).