Аб удзеле ўстановы «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» ў мерапрыемстве, прысвечаным Дню народнага адзінства

17 верасня 2026 г. дырэктар Дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці Юрый Шастапалаў прыняў удзел у дыялогавай пляцоўцы, якая прайшла на базе ДУА «Сярэдняя школа №75 г.Гомеля» і была прысвечана дзяржаўнаму святу – Дню народнага адзінства.

На дыялогавай пляцоўцы Юрый Шастапалаў расказаў навучэнцам пра гістарычныя падзеі ўз’яднання Заходняй Беларусі і БССР, пра паход Чырвонай Арміі 17 верасня 1939 года. З гэтых знамянальных для краіны падзей пачалася гісторыя дзяржаўнага свята Дня народнага адзінства, якое першапачаткова называлася Днём вызвалення працоўных Заходняй Беларусі ад прыгнёту буржуазіі і памешчыкаў.

Была адноўлена гістарычная справядлівасць у адносінах да беларускага народа, які быў падзелены з 1921 года па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора. Беларускую нацыю падзялілі штучна супраць яе волі. Заходнія беларусы апынуліся на мяжы знікнення як нацыя, – сказаў Юрый Шастапалаў.

З уз’яднання беларускага народа пачаўся новы адлік часу ў развіцці беларускай дзяржавы. У Заходняй Беларусі адкрыліся беларускія школы, ВНУ, тэатры, бібліятэкі. Пачалося будаўніцтва новых фабрык і заводаў. За год аб’ём прамысловай вытворчасці ў параўнанні з 1938 годам павялічыўся ў 2 разы.

Ідэя ўсталявання Дня народнага адзінства прагучала на вышэйшым узроўні ў лютым 2021 года на VI Усебеларускім народным сходзе, які праходзіў пад лозунгам «Адзінства. Развіццё. Незалежнасць». 7 чэрвеня новае дзяржаўнае свята ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з’явілася ў нашым календары.

Старшакласнікі – удзельнікі дыялогавай пляцоўкі – падрыхтавалі і выступілі з дакладамі па гісторыі дзяржаўнага свята.

На завяршэнне мерапрыемства Юрый Шастапалаў асабліва падкрэсліў, што Дзень народнага адзінства грамадзяне нашай краіны прынялі ўсім сэрцам, бо без захавання гістарычнай памяці пра ахвяры, без пачуцця павагі да подзвігу суайчыннікаў, якія аддалі сваё жыццё за цэласнасць і незалежнасць Беларусі, немагчыма існаванне моцнай нацыянальнай дзяржавы.

Удзельнікам дыялогавай пляцоўкі быў прадэманстраваны дакументальны фільм, падрыхтаваны Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў «Уз’яднанне нашага народа».

 

1-2. Выступленне дырэктара архіва Ю. Шастапалава
3.Выступленне навучэнцаў
4.Удзельнікі дыялогавай пляцоўкі