Азнаямленчая практыка студэнтаў-гісторыкаў прайшла ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь

1 i 2 ліпеня 2026 года ў дзяржаўнай установе «Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь» (далей – НАРБ) для студэнтаў 2-га курса гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта было арганізавана праходжанне вучэбнай архіўна-музейнай практыкі. Дадзенае мерапрыемства адбылося ў рамках шматгадовага супрацоўніцтва паміж архівам і гістарычным факультэтам і было накіравана на рэалізацыю практыка-арыентаванай падрыхтоўкі спецыялістаў-гісторыкаў.

З прывітальным словам да практыкантаў звярнулася намеснік дырэктара НАРБ Алена Аляксандраўна Стуканава. У сваім выступленні яна падкрэсліла значнасць праходжання студэнтамі практыкі ў архіве, адзначыўшы, што такая форма практычнай падрыхтоўкі дае магчымасць будучым гісторыкам не толькі паглыбіць тэарэтычныя веды і асвоіць метады работы з архіўнымі дакументамі, але і сфарміраваць адказныя адносіны да захавання нацыянальнай дакументальнай спадчыны.

У ходзе практыкі кіраўнікі структурных падраздзяленняў архіва падрабязна азнаёмілі студэнтаў з ключавымі напрамкамі дзейнасці ўстановы, прадэманстраваўшы шматграннасць і складанасць архіўнай справы. Асаблівая ўвага была нададзена асаблівасцям работы архіва ў галінах камплектавання і навукова-тэхнічнай апрацоўкі дакументаў, уліку, забеспячэння захаванасці, развіцця навукова-даведачнага апарата, арганізацыі выкарыстання дакументаў, падрыхтоўкі і выдання зборнікаў дакументальных матэрыялаў па гісторыі беларускай дзяржавы. Студэнты таксама азнаёміліся з арганізацыяй работы па выкарыстанні каталогаў архіва, тэхналагічнымі працэсамі рамонту, рэстаўрацыі і аблічбоўкі архіўных дакументаў, наведалі архівасховішчы дакументаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны, фондаў асабістага паходжання, а таксама чытальную залу архіва.

У працэсе праходжання практыкі студэнты-гісторыкі з цікавасцю паставіліся да дэталёвага вывучэння ўсіх аспектаў архіўнай дзейнасці і актыўна задавалі пытанні па розных аспектах работы.

НАРБ плануе і надалей развіваць супрацоўніцтва з гістарычным факультэтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, даючы студэнтам магчымасць праходзіць практыку на базе архіва і прымаць актыўны ўдзел у рабоце, звязанай з захаваннем і папулярызацыяй дакументальнай спадчыны Беларусі.

 

1. Намеснік дырэктара НАРБ А.А.Стуканава падчас прывітальнай прамовы
2. Падчас азнаямлення з парадкам выкарыстання каталогаў архіва
3-6. Падчас наведвання архівасховішчаў дакументаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны і фондаў асабістага паходжання
7. Студэнты-практыканты падчас азнаямлення з працэсам рэстаўрацыі архіўных дакументаў
8. Студэнты-практыканты за праглядам друкаваных выданняў архіва