Аб удзеле супрацоўніка Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь у V Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Партызанскі рух у гады Другой сусветнай вайны» ў г.Бранску
З 21 па 24 чэрвеня 2026 года ў г.Бранску прайшла V Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Партызанскі рух у гады Другой сусветнай вайны». Бранск у чарговы раз стаў пляцоўкай навуковага форуму, які праходзіў пад эгідай Урада Бранскай вобласці. Арганізатарам выступіла ГБУК «Бранскі дзяржаўны краязнаўчы музей». Мерапрыемства было прымеркавана да 85-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел больш за 60 дакладчыкаў з Расіі і Беларусі, якія выступілі на пленарным пасяджэнні і ў чатырох тэматычных секцыях. Вядучы архівіст аддзела публікацый К.Я.Гаўрыленка прадставіў Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь на дадзеным навуковым мерапрыемстве.
22 чэрвеня прайшло ўрачыстае адкрыццё навуковага мерапрыемства. З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуліся намеснік губернатара Бранскай вобласці, намеснік старшыні Бранскай абласной думы і іншыя афіцыйныя асобы. У рамках пленарнага пасяджэння прайшла дэманстрацыя дакументальнага фільма «Крэпасць–герой» (праект Беларускага дзяржаўнага архіва кінафонафотадакументаў). У гэты ж дзень прадстаўнік архіва выступіў ад беларускай дэлегацыі з прамовай на мітынгу, прысвечаным Дню памяці і смутку, які прайшоў у мемарыяльным комплексе «Партызанская Паляна».
23 чэрвеня 2026 года К.Я.Гаўрыленка прадставіў свой даклад аб выкарыстанні метаду прасапаграфіі для пабудовы калектыўнай біяграфіі ўдзельнікаў партызанскага руху. У аснове даследавання ляжалі дакументальныя матэрыялы з фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. У дакладзе таксама быў прадэманстраваны патэнцыял сайта «Партызаны Беларусі» як рэсурсу для правядзення прасапаграфічных даследаванняў.
Удзел у канферэнцыі садзейнічаў абмену вопытам паміж беларускімі і расійскімі даследчыкамі, пашырыў міжрэгіянальныя навуковыя сувязі і падкрэсліў важнасць сумеснай работы па захаванні гістарычнай праўды аб партызанскім руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Спасылка на відэарэпартаж тэлеканала «Бранская Губернiя», прысвечаны канферэнцыі.
![]() |
| 1. Пленарнае пасяджэнне канферэнцыі |
![]() |
| 2. Дэманстрацыя дакументальнага фільма «Крэпасць-герой» для ўдзельнікаў канферэнцыі |
![]() |
| 3. Мітынг у мемарыяльным комплексе «Партызанская Паляна» |
![]() |
| 4. Супрацоўнік Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь выступае з прамовай на мітынгу, прысвечаным Дню памяці і смутку, у мемарыяльным комплексе «Партызанская Паляна» |
![]() |
| 5. Выступленне супрацоўніка Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь на секцыі «Подзвіг партызан і падпольшчыкаў у гады вайны» |




