Падарожжа ў часе: выхаванцы летняга лагера «Казка» раскрылі сакрэты Дня Незалежнасці ў Дзяржаўным архіве Мінскай вобласці
![]() |
Напярэдадні галоўнага дзяржаўнага свята – Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь – Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці расчыніў свае дзверы для самых юных даследчыкаў. У госці да архівістаў прыйшлі выхаванцы прышкольнага лагера «Казка» СШ №86 г.Мінска.
Для рабят падрыхтавалі не проста экскурсію, а інтэрактыўнае падарожжа ў мінулае. Бо менавіта тут, на архіўных паліцах, «хаваюцца» адказы на пытанне: чаму 3 ліпеня – гэта найважнейшы дзень для нашай краіны.
З парога дзяўчынкі і хлапчукі ўключыліся ў захапляльную гульню «КУБарам па Беларусі», прадэманстраваўшы свае цудоўныя веды пра Дзень Незалежнасці і сімвалы Беларусі.
Потым школьнікі пабывалі ў сховішчы і прайшлі квэст-гульню «Пошук скарбаў». Выявіўшы кемлівасць, камандны дух і ўважлівасць яны разгадалі гістарычныя загадкі і знайшлі запаветны скарб.
Важнай часткай праграмы стаў прагляд дакументальнага фільма «Брэсцкая крэпасць – герой», падрыхтаванага Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў пры падтрымцы Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
Для знаёмства з сучаснымі буднямі архівістаў дзецям таксама прадэманстравалі дынамічны відэаролік «Архіў.Life», які прыадкрывае заслону таямніцы над штодзённай працай з першакрыніцамі.
Яркім завяршэннем праграмы стала знаёмства з унікальнай выставай архіўных дакументаў, дзе госці змаглі ўжывую дакрануцца да мінулага краіны. Фінальным этапам выпрабаванняў стала паспяховае разгадванне сакрэтнага слова квэста, з чым хлопцы справіліся на выдатна.
Мерапрыемства падаравала школьнікам масу яркіх эмоцый, а галоўнае – дапамагло па-новаму зірнуць на гісторыю. Дзяржаўны Архіў Мінскай вобласці заўсёды рады юным даследчыкам і гатовы далей здзіўляць гасцей новымі інтэрактыўнымі фарматамі!
На фота: Падчас мерапрыемства
![]() |
![]() |


