Адкрыццё кніжна-дакументальнай выставы «Лінія лёсу», прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння дзяржаўнага дзеяча Беларусі Ніны Лявонаўны Сняжковай

23 красавіка 2026 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (далей – НББ) адкрылася сумесная з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь (далей – НАРБ) кніжна-дакументальная выстава «Лінія лёсу», прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння дзяржаўнага дзеяча Беларусі Ніны Лявонаўны Сняжковай (1926 – 2008).

Сімвалічна, што векавы юбілей выбітнай беларускі выпаў на Год беларускай жанчыны. Несумненны талент і працавітасць, аўтарытэт і прафесіяналізм Н.Л.Сняжковай былі запатрабаваны на розных пасадах у сістэме дзяржаўнага кіравання – у Гомельскім абкаме КПБ, у Цэнтральным камітэце КПБ, Магілёўскім абкаме КПБ, Усесаюзным таварыстве «Веды».

Найбольш яркім радком біяграфіі Ніны Лявонаўны Сняжковай стала работа ва Урадзе Беларусі, дзе з 1970 па 1985 гады яна з’яўлялася намеснікам старшыні Савета Міністраў БССР. За гэты час Н.Л.Сняжкова здолела праявіць сябе як кіраўнік высокага дзяржаўнага ўзроўню, згуртаваўшы вакол сябе калектыў прафесіяналаў і аднадумцаў.

НАРБ на выставе прадставіў найбольш цікавыя дакументы са сваіх фондаў. Гэта матэрыялы, звязаныя з дзяржаўнай і партыйнай дзейнасцю Ніны Лявонаўны: Пастанова Савета Міністраў Беларускай ССР аб зацвярджэнні Сняжковай Н.Л. членам Прэзідыума Савета Міністраў БССР; Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР аб прызначэнні Сняжковай Н.Л. намеснікам старшыні Савета Міністраў Беларускай ССР; гасцявы білет Сняжковай Н.Л. на Сусветны кангрэс жанчын у г.Маскве і іншыя дакументы.

Наведвальнікі выставы ўбачаць віншавальную тэлеграму Кіраўніка дзяржавы ад 25 красавіка 2001 года, фотаздымак Ніны Сняжковай і Фідэля Кастра (1974 год), фотаздымак з выступлення Н.Л.Сняжковай на канферэнцыі ў ААН (1980 год).

Фотаздымкі, прадстаўленыя для экспазіцыі Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў, апавядаюць пра дзейнасць Ніны Лявонаўны ў 1970–1980-я гг., а таксама ў 2006 г.

Здымкі ілюструюць гісторыю дзейнасці Н.Л. Сняжковай у гады працы намеснікам старшыні Савета Міністраў БССР, садзейнічаюць замацаванню аўтарытэтнага вобраза беларускага кіраўніка-жанчыны, папулярызацыі гістарычнай спадчыны нашай краіны.

На адкрыцці выставы прысутнічалі ганаровыя госці: генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вадзім Гігін, першы намеснік Генеральнага сакратара Садружнасці Незалежных Дзяржаў Ігар Петрышэнка, старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская, намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Алена Стуканава, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы №1 імя А.Грамыка г.Веткі Марыя Худзякова, унучка Ніны Лявонаўны Сняжковой Таццяна Казакова.

 

1. На адкрыцці выставы «Лінія жыцця» ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі
2. На адкрыцці выставы «Лінія жыцця» ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі
3. З прывітальным словам на адкрыцці выставы выступае генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі В.Ф.Гігін
4. Старшыня Беларускага саюза жанчын В.А.Шпілеўская
5. Унучка Н.Л.Сняжковой Таццяна Казакова
6. На адкрыцці выставы
7. Архіўныя дакументы на выставе