Удзел работнікаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь у канферэнцыі «ARS LONGA: навуковыя дасягненні і перспектывы»
16 красавіка 2026 года работнікі ДУ «Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь» прынялі ўдзел у IX Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі маладых даследчыкаў Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі «ARS LONGA: навуковыя дасягненні і перспектывы».
З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі В.Л.Лакіза. У сваім выступленні ён расказаў пра гісторыю арганізацыі канферэнцыі, а таксама падкрэсліў яе навукова-практычную значнасць, дзякуючы якой маладыя вучоныя маюць магчымасць прадставіць свае даследчыя работы і атрымаць карысныя рэкамендацыі ад вопытных калег.
Работнікі Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь прынялі ўдзел у працы секцыі «Гісторыя Беларусі навейшага часу». Вядучы архівіст аддзела публікацый В.М.Бароўская выступіла з дакладам на тэму «Роля Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі ў развіцці кнігаабмену Савецкай Беларусі ў 1923–1932 гг.», загадчыкам аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм В.Ю.Юркевіч быў прадстаўлены даклад на тэму «Культурна-асветніцкая дзейнасць у Народным камісарыяце юстыцыі БССР: да пытання аб фарміраванні вольнага часу савецкіх служачых у 1920-я гг.».
Выступленні архівістаў выклікалі прафесійны інтарэс з боку аўдыторыі. Дакладчыкам былі адрасаваны пытанні, якія садзейнічалі вызначэнню новых напрамкаў для далейшага даследавання названых тэм.
![]() |
| 1. Дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі В.Л.Лакіза падчас прывітальнай прамовы |
![]() |
| 2. Загадчык аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь В.Ю.Юркевіч |
![]() |
| 3. Праграма канферэнцыі і памятныя падарункі ўдзельнікам канферэнцыі |


