БДАМЛМ наведаў сінагогу «Хабад»

10 сакавіка 2026 года супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) наведалі сінагогу «Хабад» (з іўрыту חב»ד – «мудрасць», «разуменне», «веда») – прадстаўніцтва адной з плыняў хасідзізму на Беларусі.

Улічваючы вялікую колькасць фондаў дзеячаў яўрэйскага паходжання ў БДАМЛМ (артыстаў Юдзіфі Арончык і яе мужа Марка Моіна, Соф’і Друкер (і яе мужа дзеяча культуры Гірша Прагіна), Рыты (Рэвекі) Млодак і інш., дзеячкі культуры Фаіны Алер (і яе дачкі тэатразнаўцы Клары Кузняцовай), камапазітараў Генрыха Вагнера, Марка Шнэйдэрмана і інш., літаратараў Рыгора Бярозкіна, Паўла Кабзарэўскага (Фавія Гардона), Лазара Кацовіча, Навума Кісліка, Маісея Кульбака, Алеся (Айзіка) Кучара, Аркадзя Маўзона (Арона Маўшэнзона), Ісака (Айзіка) Платэра, Рыгора (Гіршы) Рэлеса, Ізі Харыка і інш., мастакоў Льва Лейтмана (і яго дачкі мастацтвазнаўцы Фрумы Лейтман), Лазаря Рана, Сямёна Школьнікава (і яго зяця памочніка рэжысёра мінскіх тэатраў Аляксандра Сагальчыка) і інш., музыказнаўцаў Ізідара і Сімы Нісневічаў, мастацтвазнаўцы Сендэра Палееса і інш.), наведванне цэнтраў яўрэйскага жыцця дазваляе больш поўна разумець культуру прадстаўнікоў гэтага асяродка, кантэкст стварэння тых ці іншых мастацкіх твораў і, праз гэта, больш дасканала апісваць фонды.

 

1. Работнікі БДАМЛМ падчас экскурсіі
2. Інтэр’ер сінагогі