Прэзентацыя шостага выпуску альманаха «Аўтогрф» у БДАМЛМ

 

20 студзеня 2026 года ў Беларускім дзяржаўным архіве-музее літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) адбылася прэзентацыя шостага выпуску альманаха «Аўтограф». Альманах – штогадовае выданне, заснаванае ў 2019 г., якое мае міждысцыплінарны характар. Яно публікуе навуковыя працы па шэрагу гуманітарных дысцыплін (архівазнаўстве, археаграфіі, літаратуразнаўстве, тэксталогіі, мастацтвазнаўстве, музеязнаўстве і г.д.), а таксама інфармацыйныя матэрыялы і навуковыя рэцэнзіі на раней апублікаваныя працы. У прэзентацыі ўдзельнічалі аўтары выпуску і даследчыкі, зацікаўленыя ў вывучэнні архіўнай і літаратурнай спадчыны Беларусі.

У прывітальным слове Алена Александраўна Макаранка, дырэктар БДАМЛМ, адзначыла, што за некалькі гадоў свайго існавання альманах паспеў набыць свае традыцыі і стаў важным злучальным мастом паміж архіўнай галіной і навукай.

Дзмітрый Сяргеевіч Самахвалаў, вядучы навуковы супрацоўнік БДАМЛМ і навуковы рэдактар шостага выпуску, параўнаў яго выданне з перасячэннем экватара: да юбілейнага дзесятага выпуску яшчэ далёка, але ўжо ёсць магчымасць падвесці вынікі. Галоўны вынік – гэта супрацоўніцтва, і менавіта яно стала вызначальнай тэмай выпуску.

Прысутныя на мерапрыемстве выказалі спадзяванне на тое, што публікацыя альманаха будзе працягвацца, а яго навуковыя традыцыі – развівацца надалей. Міхаіл Фёдаравіч Шумейка, прафесара Белдзяржуніверсітэта, заклікаў даследчыкаў звяртаць болей увагі на актуальны міждысцыплінарны напрамак – тэксталогію. Аднак толькі тэксталогіяй будучая тэматыка і праблематыка не павінны абмяжоўвацца, міждысцыплінарнае даследчае поле застаецца шырокім. У планах рэдкалегіі альманаха адлюстроўваць дыскусіі вакол праблем выкарыстання штучнага інтэлекту, выкарыстанне антрапалагічных метадаў даследавання, абмеркаванне праблем архіўнай педагогікі.

 

1. Удзельнікі прэзентацыі «Аўтографа»
2. Выступленне дырэктара БДАМЛМ А.А.Макаранка
3. А.А.Макаранка і Д.С.Самахвалаў знаёмяць удзельнікаў з шостым выпускам альманаха
4. Выступленне А.І.Траццяк (Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў)
5. Выступленне Г.В.Запартыка, заснавальніцы «Аўтографа»
6. Выступленне М.Ф.Шумейкі